Пра “Драўляны народ” і “Дыягназ Бісмарк”
– Прашу не разглядаць мяне як журналіста, – сказаў на пачатку прагляда Віктар Аслюк. Сваё нежаданне атаясамлівацца з прафесіяй журналіста дакументаліст патлумачыў тым, што не хацеў бы, каб яго фільмы разглядаліся паводле нейкіх стандартаў. Акрамя таго, паводле майстра, сёння дакументальнае кіно – гэта не масавы гатунак мастацтва, а элітарны.
Удзельнікам Фэсту Віктар Аслюк прадставіў стужку “Драўляны народ”.
Герой фільма – 80-гадовы дзядуля, які адзін застаўся ў вёсцы. Усе яго родныя, блізкія, суседзі або сябры з’ехалі ці памерлі. А яму засталося толькі выразаць з дрэва чалавечкаў, усталёўваючы постаці ў мудрагелістыя бытавыя сцэны. У старога ёсць фантазія і талент. Ён размаўляе са сваімі героямі, распавядае ім горкую гісторыю свайго жыцця, рамантуе вуліцу ў іх вёсцы, каб лягчэй было праехаць.
Фільм выклікаў бурную рэакцыю. Спадар Віктар прызнаўся, што працаваў над стужкай тры гады.
Гледачы пыталіся ў аўтара пра тое, як ён дамогся такіх натуральных паводзін героя стужкі, дзе знаходзіцца вёска, у якой здымаўся фільм-партрэт?
Адзін з прысутных на праглядзе ўдзельнікаў фестывалю палічыў, што Віктар Аслюк прадставіў сваёй стужкай добры прыклад арт- тэрапіі і запытаўся, ці аўтар не паказваў “Драўляны народ” псіхіятру.
Зусім у іншыя часовыя межы – усяго некалькі дзён – быў пастаўлены Алесь Матафонаў, калі здымаў стужку “Дыягназ Бісмарк”.
Герой фільма Матафонава – мастак-авангардыст па мянушцы Бісмарк. Акрамя эпатажных твораў мастацтва ён вызначаецца любоўю да Германіі, адсюль – Бісмарк.
Дыягназ “шызафрэнія” яму паставілі яшчэ савецкія дактары (магчыма, толькі таму, што людзі мастацтва заўсёды “маюць сваіх прусакоў у галаве”, як выказаўся адзін з калегаў-мастакоў Бісмарка).
Фільм распавядае гісторыю, як мастака пасля бойкі з суседзямі змясцілі на прымусовае лячэнне ў “Гайцюнішкі” – рэспубліканскі псіханеўралагічны шпіталь.Там ён знаходзіцца на лячэнні ўжо некалькі гадоў. Жонка адзначае яго ўпадніцкі настрой і адсутнасць жадання жыць і тварыць.
Фільм “Дыягназ Бісмарк” шмат каму ў зале нагадаў стужку Мілаша Формана «Палёт над гняздом зязюлі». Менавіта пра яе ўзгадвалі неаднаразова ў дыскусіі пасля фільма Матафонава.
Пасля прагляду гледачы атрымалі прызы за лепшыя пытанні, а вядучы Алег Дашкевіч падзякаваў аўдыторыі за шчырую цікавасць да творчасці аўтараў і заўважыў, што прадстаўляць свае працы на суд журналісткай аўдыторыі заўсёды цікава.