Цуды рукаробнага майстэрства на Фэсце маладзёвай журналістыкі

Сваю творчасць прадставілі прызнаныя гарадзенскія майстрыхі, якія працуюць у тэхніках скрапбукінгу, сухога валяння, дэкупажу ды іншых. Цягам 2 гадзін удзельнікі фэсту засвойвалі нялёгкае майстэрства ствараць прыгажосць сваімі рукамі.

 

Найбольшую цікавасць выклікалі вырабленыя з натуральнай тканіны лялькі, кожная з якіх мае сваё прызначэнне. Напрыклад лялькі-неразлучнікі (пара, што трымаецца за рукі) вырабляюцца для ўпрыгожвання святочнага (звычайна вясельнага) пірага, “дзесяціручка” – у падарунак нявесце (каб у дзесяць рук збірала пасаг, а пасля гэтак жа працавала), аб прызначэнні лялькі-багацькі гаворыць сама яе назва. Лялька-падарожніца – самая мініяцюрная, лёгка хаваецца ў кішэні.

Незалежна ад прызначэння, кожная лялька вырабляецца толькі пры ўмове, што майстар знаходзіцца ў добрым настроі і падчас працы не мае злых думак. Гэтую ўмову майстрыха Ірына Новік лічыць абавязковай, на яе думку ў ляльку закладаецца энергетыка майстра. Калі лялька зробленая, яна пачынае жыць уласным жыццём.

 

 

 Несумненным хітом выставы быў стэнд з артыстычнымі паштоўкамі, выкананымі ў тэхніцы скрапбукінгу. Як патлумачыла аўтарка Юлія Сідзіфарава, для яе хобі неабходная адмысловая папера, якая вырабляецца толькі за межамі Беларусі і каштуе вельмі дорага. Менавіта таму ў Гродне майстроў скрапбукінгу акрамя спадарыні Юліі няма. Кошт адной паштоўкі сягае некалькіх дзесяткаў тысяч рублёў.

 

Для ўдзельнікаў фэсту Юлія правяла майстар-клас па вырабе міні-альбомаў для фотаздымкаў. “Выдатнае адчуванне паспрабаваць нешта зрабіць сваімі рукамі! Для мяне гэта самы дарагі падарунак!” – дзеліцца ўражаннямі адна з удзельніц.

 

Шмат хто з маладых ды й дасведчаных  журналістаў спакусіўся паспрабаваць сябе ў вырабе падзелак у тэхніцы валяння з воўны. Майстрыха Альгуня Камягіна прызналася, што сама даведалася пра мажлівасць артыстычнага выкарыстання воўны з інтэрнэту. Каб зрабіць сапраўдны твор мастацтва дастаткова мець кавалак воўны і адмысловую іголачку з зазубрынкамі. Працэс валяння вельмі карпатлівы і займае шмат часу, таму паспрабаваць сябе ў гэтым мастацтве згадзіліся самыя ўпартыя ўдзельнікі фэсту.

 

Даша: “Гэтая праца патрабуе вельмі шмат часу. Хвілін 20 я валяла адзін шарык для караляў. Вельмі цікава і незвычайна”.