Ад печкі да крамы: шлях звычайнага хлеба

Зусім нядаўна мне пашанцавала трапіць на гарадзенскі хлебазавод і назіраць увесь гэты дзіўны і не просты працэс.

 

Гарадзенцы любяць наведваць краму «Гарачы хлеб», каб набыць яшчэ цёплы і свежы батон ці «цяглінку». Але часам не заўсёды так бывае, што хлеб на прылаўках «з пылу-жару». Я стаў шукаць адказ – чаму? – у хлебным цэху.

 

Вось на фатаграфіі мы назіраем як у вялікім катле падыходзіць цеста. Склад яго прыкладна такі –мука, дрожы, закваска, вада і соль. Але гэта не вельмі важна, гэта так, дарэчы.

 

Калі цеста набірае патрэбную форму, цестамес пачынае ляпіць баханкі і класці іх у так званую калыску. З калыскі хлеб трапляе ў печку. 

 

Праходзіць пэўная колькасць часу, хлеб невялікімі партыямі выходзіць з печкі і ўкладчыкі пачынаюць хлеб выкладаць на кантэйнеры.

 

Паколькі многія заказчыкі патрабуюць выпускаць хлеб у ўпакоўцы, то далей наш шлях ідзе на ўпакоўку, пасля хлеб вывозіцца ў пэўнае месца, так званы «пакой». Там хлеб пачынаюць складаць у тару (тут кажуць «тарыць») для адпраўкі па раёнах і гарадах. 

 

Праходзіць яшчэ час, пакуль падрыхатаваная прадукцыя адстаўляецца і чакае адпраўкі на крамы. Прыехаў кіроўца, убачыў свой падрыхтаваны хлеб і пачынае грузіць яго сабе ў машыну. Хлеб загружаны, у асноўным да паловы аб’ёму кузава. Далей грузіцца батон па такім жа прынцыпе. Калі машына цалкам загружана кантэйнерамі, то яна адпраўляецца на прахадную. Там яе правярае і пералчівае прадукцыю ахова. Калі ўсё праверана, машына выязджае за вароты заводу і пачынае развозіць хлеб па крамах.

 

І ў асноўным у крамы хлеб трапляе ўжо не такім гарачым, як нам бы хацелася, але свежым і смачным. Дарэчы, гарачы хлеб не зусім бяспечны для страўніка… Тым не менш, хлебакамбінат улічвае пажаданні гарадзенцаў і «самы-самы» хлеб адкладае спецыяльна на крамы «Гарачы хлеб». У апошні час паступае шмат скаргаў ад пакупнікоў, што хлеб у крамах не адпавядае назве.