«Легенды краіны туманаў» прагучаць у Гродна

Чаму менавіта кватэрнік? Гэты фармат дае ўнікальную магчымасць слухачам бліжэй пазнаёміцца з выканаўцамі, а музыкам – лепш даведацца пра сваю аўдыторыю. Тым больш такія міні-канцэрты найбольш падыходзяць да нашых рэаліяў і сталі дастаткова папулярны ў апошні час.

 

Гурт «Dzivasil» – ўнікальная з’ява для беларускай сцэны. Выканаўцы спалучаюць у сваёй музыцы народныя мелодыі ды спевы з сучаснымі аранжыроўкамі. Гэты музычны праект быў заснаваны ў 2008 годзе гітарыстам Андрэям Малаковічам разам са сваёй жонкай Інай Перасецкай-Малаковіч, якая актыўна ўдзельнічала ў такіх праектах, як «Альтанка», «Легенды Вялікага Княства», спявала з Алесем Камоцкім і гуртом Л.О.М. Разам яны ўзяліся выконваць музыку ў дастаткова складанай стылістыцы «этна -эмбіент».

 

Уласцівасцю гурта з’яўляецца тое, што выкананне ўсіх кампазіцый адбываецца толькі ўжывую, без выкарыстання электронікі. Інструментальныя кампазіцыі ў роўнай ступені складаюцца як з аўтэнтычнай этнікі, так і спакойнай сузірцальнай музыкі, уласцівай такому напрамку як эмбіент. Як кажуць эксперты, менавіта гэтым гуртом знойдзены кампраміс паміж эстэтычнай вытанчанасцю і камфортнасцю ўспрымання музыкі шырокім колам слухачоў. Гарадзенцам выпадае сапраўды ўнікальны шанец паслухаць унікальную музыку.

 

Больш падрабязную інфармацыю пра час і некаторыя асаблівасці можна будзе знайсці на афіцыйнай старонцы сустрэчы ў Кантакце.