Басовішча: :B:N:, IQ48, «Кальмары» і конкурс маладых гуртоў
Традыцыйны фэст музыкі маладой Беларусі адбудзецца 13–14 ліпеня ў Гарадку на Падляшшы.
Троху больш за месяц таму правядзенне Басовішча заставалася пад пытаннем, паколькі ў яго не было ні сродкаў, ні арганізатара.
З часам грошы знайшліся, але зусім не ў тым аб’ёме. Цяпер арганізатары маюць прыкладна 100 тысячаў злотых — на 40% меней, чым у мінулым годзе. На фоне бюджэтных праблем арганізатары імкнуцца зэканоміць, у тым ліку і на запрошаных гуртах. Вядома, што шэсць з іх будуць з Беларусі, і імёны трох ужо названыя: гэта :B:N:, IQ48, і Кальмары.
«Першыя два з іх добра вядомыя публіцы фестывалю, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве арганізатараў, апублікаванай на фан-пэйджы Басовішча ў Фэйсбуку. — :B:N: — энергічны рок з Бярозы, пераможцы конкурснай часткі Басовішча-2002 і сталыя наведнікі фэстывалю. Цяпер гурт працуе над сваім трэцім студыйным альбомам, частку з якога, вядома, прадставіць на выпуску ў гэтым годзе».
«IQ48 — вядомы як „здаровыя лосі“, у сваёй музыцы спалучае рок, рэп і іншыя жанры. У мінулым годзе яны выпусцілі новы альбом „HMR“».
«У першы раз на Басовішчы выступіць група Кальмары, якія граюць, па словах саміх сяброў гурта, музыку ў стылі „закуска пад піва“. Гурт быў створаны ў 2006 годзе, але толькі нядаўна выпусціў свой дэбютны альбом „Пад піва“. Акрамя гэтага, фанаты гурта:B:N: могуць убачыць сярод Кальмароў сваіх любімых музыкаў у зусім іншай, чым у мінулым, ролі».
Імёны яшчэ трох беларускіх і чатырох польскіх гуртоў не называюцца: «цяпер шліфуем Line-up», — кажуць арганізатары.
Сёлета, як і летась, будуць гучаць DJ-сэты. Іх можна будзе пачуць у другі дзень фестывалю. Акрамя польскіх музыкаў, на іх запрошаныя два дыджэі з Беларусі.
Акрамя гэтага, 7 ліпеня пройдзе канцэрт «Before Басовішча». На гэтым мерапрыемстве ў Беластоку, зайграе беларускі гурт Drum Ecstasy. Тады ж адбудзецца агляд мясцовых маладых гуртоў, найлепшы з якіх выступіць на вялікай сцэне «Басовішча».
Маладыя гурты з Беларусі таксама могуць далучыцца да конкурсу. Для гэтага ім трэба дасылаць свае заявы, разам з адной песняй у mp3 (або спасылку на гэты трэк) на адрас konkurs@basowiszcza.org да 20 чэрвеня (у тэме напішыце «Басовішча — Конкурс»). Пераможцаў конкурсу запросяць на выступ на фэст.
Акрамя гэтага абвешчана аб конкурсе фотаздымкаў у цішотках «Басовішча»:
«Мы чакаем вашых фотаздымкаў у майках з Басоў, незалежна ад таго, з якога яны году. Разам пакажам, як яны падарожнічаюць з намі праз усю Польшчу, Еўропу і свет. Самыя лепшыя фатаграфіі можна будзе пабачыць на Басовішчы ў гэтым годзе. Фотаздымкі можна даслаць да 4 ліпеня на адрас fotokonkurs@basowiszcza.org ».