«С Рождеством Христовым! …Ваш Машеров» (з цыклу «Споведзь авантурыста»)

| Без катэгорыі

– Анатоль, што такое наогул «гараж-сэйл»?

– Па-простаму гэта барахолка. Некаторыя думаюць, што там прадаюць антыкварыят, але, па вялікім рахунку, у Амерыцы няма антыкварыяту – усё вязуць туды з Еўропы ды былога СССР. Зараз праваслаўныя іконы на захадзе нават упалі ў кошце – столькі навезлі.

 

На пачатку 90-х спрытнейшыя расейцы зазвычай замалёўвалі іх зверху гуаш’ю і такім чынам правозілі праз мяжу… Але гэта асобная тэма. А на «гараж-сэйлах» практычныя амерыканцы зазвычай прадаюць тое, што ім не патрэбна, часцяком абсалютна новыя рэчы за бесцань. Пры гэтым можна яшчэ і пагандлявацца (смяецца).

 

– Добра, а як пачалася ваша гісторыя?

– Пачалося ўсё гады чатыры таму акурат на такім «гараж-сэйле» у невялічкім гарадку Окланд на поўначы штата Нью-Джэрсі. Сярод рознага адзення і коўдраў я ўбачыў кіпу папераў – стаю, перабіраю.

 

Гляджу: па-расейску напісана! Паштоўка, бачна, што старая, з віншаваннямі з Калядамі, падпісана: «Н.Машеров». З прадаўцамі там не прынята размаўляць, пакуль не купіш, таму пазнаёміўся толькі напрыканцы: аказалася, што расейцы, з вельмі добрым вымаўленнем, нашчадкі першай хвалі эмігранатў… Кажу ім: «Гэта ж вядомае прозвішча ў Саюзе было».

 

Яны смяюцца: «Мы ведаем, а вы нелегал?» «Ну, так». «Бярыце-бярыце коўдру, бясплатна!».

 

Паштоўка ротмістра Машэрава


– А з Машэравым што?

– Я падзякаваў, запытаўся аб чалавеку з паштоўкі. Жанчына дала мне адрас: Новадзівеева, поўдзень штату Нью-Ёрк. Цікава, што Дзівеева знаходзіцца ў Ніжэгародскай вобласці, тыя мясціны, дарэчы, звязаныя з Серафімам Сароўскім, а эмігранты, якія аселі за акіянам пасля рэвалюцыі, выбралі акурат такую сімвалічную назву для свайго мястэчка: нібыта повязь з Радзімай.

 

Самога ж Мікалая Машэрава знайшоў толькі …на могілках. Пад васьміканцовым крыжам красуе надпіс: «Ротмистр 15го Уланского Татарского Полка Николай Алексеевич Машеров 1898-1977».

align=”” >

Пахаванні першай хвалі эмігрантаў   

 

На тых могілках наогул шмат пахавана белаэмігрантаў, жаўнераў царскай Расеі, багата цікавых прозвішчаў і асобаў: Брэжнеў, напрыклад, штаб-ротмістр (нязвыкла для савецкага вуха, га?), альбо Нэллен Вольга Сяргееўна – унучка Адама Міцкевіча. Пры могілках тых працуюць каплічка і архіў, дзе мне і дапамаглі знайсці патрэбнае пахаванне.

 

– А сувязь менавіта з беларускім Машэравым ты не прасачыў?

– Мая версія наступная: прозвішча «Машэраў» вельмі рэдкае на Беларусі, а паходзіць яно ад французкага «mon cher», то бок «мой дарагі». Таму продак Машэрава мог быць наўпрост адбіўшымся, але выжыўшым жаўнерам «Вялікай Арміі» Напалеона – такія выпадкі на Беларусі вядомыя.

 

Цікава таксама, што 15-ы Уланскі Татарскі Полк фармаваўся ў …Полацку – таксама супадзенне? Не ведаю, глядзіце самі. На мой погляд адназначна адно: нават калі б ў Пётр Міронавіч валодаў такімі фактамі, дык наўрад ці стаў бы іх афішаваць. Як і Леанід Ільіч, дарэчы (смяецца).

 

– З нашчадкамі першай хвалі «рускай эміграцыі» яшчэ даводзілася сутыкацца?

– Так, я напрыклад ездзіў на пахаванне Веры Канстанцінаўны Раманавай, дачкі роднага брата Мікалая Другога. Памерла яна недзе на пачатку 2000-х, давялося зайсці тады нават ў яе дом. Панаехала тады шмат розных князёў ды іншых прадстаўнікоў «russian community». З той жа пароды была Ніна, мая знаёмая. Ведаеш, што ў ёй кідаецца ў вочы? Выхаваная годнасць.

 

Я, вось, калі трэба буду і са шляпай выцягнутай стаяць каля царквы, а яна сваіх унукаў да паступлення ў школу не вучыла ангельскай мове. Ведала, што ім будзе цяжка, будуць праблемы, але не вучыла, каб тыя на ўсё жыццё засвоілі якая мова родная. Я бы іх не назваў нацыяналістамі, але патрыётамі – так.

 

На адной з сустрэчаў расейскай супольнасці ў Аляксандра-Неўскай царкве, я пабачыў побач з амерыканскім сцягам трыкалор. Замена афіцыйных сімвалаў ў Расеі адбылася на той момант яшчэ нядаўна, таму я запытаўся: «А адкуль у вас трыкалор?» «Мы сваіх сцягоў не змянялі»,– пачуў у адказ.

 

Яйкі Фабержэ – частка «рускага» брэнду на Захадзе


– Была нейкая дапамога ад ТЫХ эмігрантаў эмігрантам «савецкім»?

– «Савецкая», як ты кажаш, эміграцыя пачалася ў 70-х, але тады ехалі толькі жыды. Я, напрыклад, належу да эмігрантаў самага пачатку 90-х. Наконт дапамогі раскажу такі прыклад: калі мы былі занятыя на розных брудных працах, адзежа зношвалася вельмі хутка.

 

А на новую патрэбныя грошы, сярэдняя кашуля ў краме – 15-17 даляраў. Нам параілі пайсці ў «рускую» царкву ў Брукліне, мясцовы поп займаўся там дабрачыннасцю: яму здавалі непатрэбную адзежу «старыя» эмігранты, ён жа яе …прадаваў па нядзелях за 25 цэнтаў! Чаму? Ну, пэўна, каб лішняга не бралі (смяецца). Насамрэч усё вельмі лагічна: «чвартак» можна нават на вуліцы знайсці, а кубачак кавы каштаваў паўтара даляры.

 

Такое вось спалучэнне адкрытай «рускай душы» з амерыканскай меркантыльнасцю.