“Паляванне на зубра” – першая прэм’ера Гродзенскага тэатра лялек на сцэне драмтэатра

|

У спектаклі паводле знакамітай “Песні пра зубра” у перакладзе з лаціны Наталлі Арсенневай і Віктара Дарашкевіча раскрываюцца падзеі, якія адбываліся на беларусскіх землях у эпоху Адраджэння. Высвечваюцца такія знакавыя гістарычныя постаці, як Вялікі князь Літоўскі Вітаўт, каралева Польшчы Бона Сфорца, а таксама асоба самаго аўтара твора Міколы з Гусава і яго глыбокі і горкі роздум пра вайну і мір, жыццё і смерць, пакаранні і міласці, пра трагічны лёс беларускай зямлі і яе народа.

 

Пад вонкавай абалонкай рэтраспектывы хаваюцца назіранні аўтараў спектаклю над сучаснай  рэчаіснасцю і асэнсаванне прароцкай сілы паэтычнага слова.

Выбраныя радкі з тэксту паэмы пераплятаюцца з беларускімі народнымі песнямі, замовамі.

 

У спектаклі занятыя акторы тэатра лялек Наталля Дацэнка, Аляксандра Літвінёнак, Ларыса Мікуліч,Тамара Корнева, Валерый Карышаў, Аляксандр Рацько, Васіль Прабадзяк.

Мультымедыйныя застаўкі, якія суправаджаюць сцэнічнае дзеянне, падрыхтаваў Данііл Жугжда. Сын стваральніка спектакля Алега Жугжды ўжо знаёмы гарадзенскім аматарам тэатра як аўтар кампутарнай графікі да пастаноўкі “Магічнае люстра пана Твардоўскага”.

 

“Паляванне на зубра” адрасаванае перадусім моладзі – старэйшым школьнікам і студэнтам.

 

Білетам на першы прэм’ерны спектакль 7 чэрвеня ў касах ужо няма, але пакуль застаюцца вольныя месцы на 8 чэрвеня.

 

На здымку: Фрагмент габелена Сымона Свiстуновiча «Зыход» паводле паэмы «Песня пра зубра» Мiколы Гусоўскага.