Сусветныя гіты загучаць па-беларуску
Зараз у базе праекту змешчана амаль 300 перакладаў песень вядомых выканаўцаў, і спіс штодня папаўняецца.
Як распавёў Naviny.by Аляксей Нарэйка, дырэктар кампаніі «Праўны пераклад», якая займаецца рэалізацыяй праекта, для перакладаў выбіраліся самыя знакамітыя песні. «Мы хацелі, каб у спіс увайшлі песні, знаёмыя кожнаму», — кажа аўтар ідэі.
Пасля першых спробаў арганізатары вырашылі звузіць кола выканаўцаў да самых таленавітых і перакладаць «з душой». Нават у сусветнай поп-музыцы ёсць шмат кампазіцый з просценькім танцавальным матыўчыкам і прымітыўнымі тэкстамі. «Канешне, чалавек расчаруецца, калі пачуе пераклад такой песні, — мяркуе Аляксей Нарэйка. — Мы імкнуліся ўкласці ў працу больш душы, каб гэтыя тэксты было цікава паслухаць, і каб чалавек не расчараваўся ў сваёй улюбёнай песні. Таму часам нашыя переклады нават лепшыя за арыгіналы».
Пры гэтым арганізатары праекта адмаўляюцца ад некаторых песень, якія, на іх думку, могуць сапсаваць ім імідж. Гэта або дрэнныя па якасці пераклады, або не надта папулярныя песні, цікавыя толькі для вузкага кола аматараў (напрыклад, з нецэнзурнай лексікай).
«Мы не супраць іх, але на пачатку праекта накіроўваем свае рэсурсы на самыя папулярныя песні», — падкрэслівае аўтар ідэі.
Перакладамі песень, паводле ягоных словаў, займаюцца супрацоўнікі кампаніі, калегі, сябры, студэнты. Частку тэкстаў даслалі перакладчыкі з асабістых «архіваў» (раней перакладалі для сябе, а як даведаліся пра праект — вырашылі падзяліцца). Арганізатары вітаюць унёскі ад усіх аматараў. Дасылаць тэксты можна на скрыню info@spiavaj.by . Чакаюць яны і спасылкі на відэа- або аўдыёзапісы, у якіх гэтыя песні выконваюцца.
«Мы б вельмі хацелі, каб гэтыя песні загучалі і са сцэны, і з экранаў тэлевізараў, на школьных, сямейных, сяброўскіх святах і вечарынах, — кажа Аляксей Нарэйка. — Я рады, што некаторыя гурты ўжо разбіраюць сабе ў рэпертуар кампазіцыі. Такія песні надаюць ім вагі, бо яны добра слухаюцца, добра ўспрымаюцца і на беларускай мове гучаць арыгінальна».
Са слоў суразмоўцы, у многіх суседніх краінах — Прыбалтыцы, Польшчы, Украіне — перакладзеныя на мясцовыя мовы сусветна вядомыя песні можна часта пачуць, напрыклад, у кавярнях. А ў Беларусі спяваюць хіба што рускамоўныя варыянты.
«Як лінгвіст я магу засведчыць, што беларуская мова — адна з самых багатых і прыгожых. Паводле мілагучнасці яна стаіць на другім месцы ў Еўропе пасля італьянскай мовы. Самы вялікі тлумачальны слоўнік беларускай мовы змяшчае 223 тысячы слоў і з’яўляецца адным з самых вялікіх у свеце», — адзначае перакладчык. (Для параўнання: самы вялікі тлумачальны слоўнік расейскай мовы змяшчае каля 160 тысяч слоў.)
У рамках праекта «Сьпявай!» тэксты перакладаліся з нямецкай, італьянскай, французскай, польскай, іспанскай, партугальскай, сенегальскай, латышскай і арабскай моваў, але дамінавала, канешне, англійская. Калі ж існавалі некалькі варыянтаў адной песні, як, напрыклад, Tired of being sorry і Amigo Vurnelable Энрыке Іглесіяса, то пераклад на беларускую рабіўся з роднай мовы выканаўцы — у гэтым выпадку з іспанскай.
Зараз арганізатары плануюць прапанаваць перакладзеныя тэксты для выканання некаторым зоркам. Але выканаўцам варта быць уважлівымі, каб не парушаць правы аўтараў тэкстаў і музыкі.
«Мы дорым гэтыя тэксты, не шукаем ад гэтага прыбытку, і рабіць такія падарункі нікому не забаронена, — тлумачыць Аляксей Нарэйка. — Але калі спявак плануе выконваць песні і зарабляць на гэтым грошы, то мы раім звярнуцца да праваўладальнікаў і ўзгодніць гэта з імі. Прасіць жа дазволу на тое, каб спяваць гэтыя песні ў сваім коле, на сямейных і сяброўскіх свята, не трэба. Мне здаецца, што сусветныя зоркі — першыя выканаўцы гэтых песень — будуць толькі радыя, калі іхнія песні будуць жыць у народзе і выконвацца часцей — у школе, на канцэртах і шоў, у кавярні, з сябрамі пад гітару, і дзе б ячшчэ ні пажадалася заспяваць — спявайце на сваёй мове!».