У Гродне прэзентавалі ўнікальны мастацкі каталог

|

Амаль 30 год яна рупліва даследавала гісторыю мастацкага метала ў Гродна, шукала забытыя сёння імёны вядомых у мінулым гарадзенскіх кавалёў, фіксавала на фотаапарат арыгінальныя металічныя абгародкі на могілках, балконы, каваныя брамы, парапеты.

 

У выніку пад адной вокладкай на 184-х старонках у гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” выйшаў у свет адзіны на гэты момант у Беларусі такога кшталту мастацкі каталог – “Художественный металл в Гродно”.

 

 

У час сваёй прамовы перад удзельнікамі прэзетацыі, якая ладзілася 7 чэрвеня ў абласной бібліятэцы імя Карскага, сп-ня Зорына неаднаразова з горыччу адзначала, як шмат каштоўных помнікаў нашай культурнай спадчыны бясследна знікае ў час рознага кшталту рэстаўрацый і рамонтаў.

 

 

Занепакой аўтаркі каталога лёсам гістарычнай спадчыны падзялялі і многія з удзельнікаў прэзентацыі.

 

– Я хачу, каб усе гэтыя рэчы засталіся б нашым нашчадкам не толькі ў гэтай кнізе, але і на нашых вуліцах і дамах, у нашых храмах! Чаму гарадзенскія гісторыкі не змагаюцца за гэта, не патрабуюць ад уладаў зберагчы нашу спадчыну? – не магла стрымаць сваіх эмоцый слухачка гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку” Святлана Кузіна.

 

У нейкі момант абмеркаванне выдання ператварылася нават у бурную дыскусію, у якой фігуравалі актыўна знішчаемыя гарадзенскімі ўладамі ў апошнія гады дрэвы, занядбаныя помнікі архітэктуры.

 

Праз некалькі хвілін, аднак, размова вярнулася ў рэчышча заяўленай тэмы прэзентацыі.

 

Неабходнасць захавання гістарычнай спадчыны сп-ня Любоў праілюстравала некалькімі простымі аргумантамі:

– Што лепш для чалавека: жывы ворган альбо пратэз? Дакладна так і з архітэктурай і іншымі помнікамі. Калі аўтэнтычныя рэчы і інтэр’еры ў будынках замяняюць шклом і пластыкам, то з такіх дамоў нібыта зыходзіць жыццё.

 

Вазьміце ў якасці прыклада будынак каля гарадзенскага ўнівермага. У свой час там пабурылі ўсё, у тым ліку арыгінальныя печкі. І нібыта адрамантавалі той будынак, а стаіць ужо колькі гадоў нікому не патрэбна, бо дух жыцця яго пакінуў…

 

У медыцыне ёсць такое паняцце, як фантомныя болі. Гэта калі чалавеку ампутуюць, напрыклад, нагу, а яму яшчэ некалькі гадоў здаецца, што ён адчувае боль у гэтай назе. Гэтак жа і з будынкамі…

 

Яркім атрымалася і падсумаванне сустрэчы ў выкананні Любові Зорынай:

 

– Доўгі час у нас нічога належным чынам не вывучалася. Тое, казалі, польскае, тое- габрэйскае, тое – рускае…Навошта гэта вывучаць?

 

Але ж усё, што ў нас ёсць – гэта НАША! І калі мы не будзем гэта вывучаць і захоўваць, то ўсё гэта знікне назаўжды!

 

 

 

Фота Юліі Каляды