Унікальная Беларусь: твой стыль
Да ўдзелу запрашаюцца вулічныя мастакі і звычайныя грамадзяне з ідэямі. Найлепшыя прапановы будуць рэалізаваныя сіламі мастакоў SIGNALу. Тых, хто умее маляваць і жадае дзейнічаць сам, арганізатары абяцаюць забяспечыць матэрыяламі: фарбай, маркерамі, пластыкавымі трафарэтамі.
У працах трэба адлюстраваць тое, што можа вылучыць Беларусь у сучасным глабалізаваным свеце, паказаць тую Беларусь, у якой хацелі б жыць вы і вашыя сябры. Пажадана (але не абавязкова), каб працы і ідэі былі звязаныя з гісторыяй, культурай, традыцыямі Беларусі.
Посціць ідэі, скейтчы і трафарэты можна на сцены суполак SIGNALу ў «Фэйсбуку»,«Укантакце» ці дасылаць на электронную пошту: signal.streetart@gmail.com.
Для адных стрыт-арт — гэта акт вандалізму, звязаны з псаваннем маёмасці і эстэтычнага вобразу горада. Для іншых — магчымасць адкрыта выказацца на любую тэму. Беларускае вулічнае мастацтва развілася настолькі, што займела сваё выданне — пілотны нумар часопіса Signal выйшаў нядаўна.
Ён зроблены ў выглядзе альбома, у якім галоўнае — выявы, а не тэксты. Імёнаў мінімум: большасць твораў падпісаныя псеўданімамі.
Мастак Dream стварае на гарадскіх мастах і будынках стэнсілы з выявамі Міхалка, Ігната Дамейкі, Барбары Радзівіл. Графіці PEKUS’а з Брэста — выявы чалавечых галоваў — нечым нагадваюць мастацтва індзейцаў дакалумбавай Амерыкі. А YRA з Віцебску намаляваў на сцяне двухпавярховіка чорную лесвіцу з дворнікам, у рэалістычнасці якіх доўга сумняешся…
Адны з нямногіх названых — маладыя мастакі Алесь Благій і Аўгення Карпенка, якія насялілі добрымі ўсмешлвымі персанажамі сцены дзіцячага кардыяхірургічнага цэнтра ў Мінску.
Стрыт-арт — самае народнае мастацтва, бо яго творы бачаць штодня тысячы людзей: вока чапляецца за выявы на сценах, на майках мінакоў, за мастацкія татуіроўкі на целах на пляжы.
Жанры множацца — стэнсілы, постары, інсталяцыі…
У вымушанай супрацы з дворнікамі паўстаў новы кірунак — фупрэматызм — каляровыя квадрацікі і прастакутнікі, з дапамогай якіх «таленты з ЖЭСу» знішчаюць начныя працы мастакоў.
Стрыт-арт — і самае старажытнае мастацтва. Бо чым, па-вашаму, былі наскальныя малюнкі старажытных людзей?
Новы часопіс дзвюхмоўны: беларуска-англійскі.
З часам ён можа ператварыцца ў найпаўнейшы каталог твораў стрыт-арту.
Фіксаваць іх мусова не толькі таму, што ў многіх геніяльна схоплены наш час і думкі сучаснікаў. Творы на сценах — вельмі недаўгавечныя.