«Вышэй за неба» – сацыяльная рэклама ў «свядомай» абгортцы
І добра, бо трэба ж хоць неяк разварушваць гэтае балота.
“Рэжысёрская” быццам бы версія фільма з’явілася адначасова на ЮТубе і расійскіх торэнтах. Стваральнікі стужкі, вядома ж, адразу заявілі, што не маюць з гэтай справай нічога агульнага, але ж хто ім паверыць? З першых кадраў мы даведваемся, што
“на сёння аўтарская версія фільму забароненая для паказу беларускаму і сусветнаму гледачу чыноўнікамі з ПРААН […] Любыя іншыя версіі фільму ці серыялу “Вышэй за неба”, не зацверджаныя аўтарамі, груба скажаюць іхную мастацкую задуму, прыніжаюць іхную годнасць і ёсць прадуктам варварскага гвалту і цэнзуры над мастацкім творам”,
а “гледзячы версію, не зацверджаную аўтарамі, вы падтрымліваеце палітычную цэнзуру ў Рэспубліцы Беларусь”.
Пасля такіх заяваў натуральным чынам чакаеш чагосьці нязвыклага.
Але “Вышэй за неба. Кіно” – просценькая гісторыя звычайнага мінчука Мікіты Міцкевіча ў якога бацька міліцыянер, а маці настаўніца. Хлопец грае ў рок-гурце, сустракаецца з дачкой дэкана і мае ВІЧ. Толькі пра апошняе пакуль яшчэ не ведае. Цягам дзвюх гадзін герой высвятляе адносіны з бацькамі, дзяўчынамі, сябрамі, наркадылерамі і самім сабой. Адкрыццяў ці прасвятленняў ад стужкі чакаць не варта. Звыклая сацыяльная рэклама з мэтай прафілактыкі ВІЧ/СНІД і, магчыма, моладзевага алкагалізма і наркаманіі. Хоць і ў моднай абгортцы.
Праз гэтую самую абгортку першыя хвілін дваццаць стужкі ператвараюцца ў вар’яцкі пошук на экране знаёмых твараў: вось там Вайцюшкевіч з’явіўся, там Марціновіч, а тут – Хадановіч. Вось Хаменка, а вось Саладуха са сваёй непараўнальнай усмешкай. Вось вам Галерэя Ў, а вось – клуб Re:Public. Але ўсё гэта хутчэй дэкарацыі – ніякай сэнсавай нагрузкі ў стужцы героі і месцы незалежнай (і не вельмі) беларускай культуры не маюць. Аднолькава добра можна было б прывезці і пасадзіць у фоне адной са сцэнаў Папу Рымскага.
“Твой стыль” цікавіўся працай над серыялам з нагоды ўдзелу ў здымках гарадзенкі Веранікі Барцэвіч, якая мела граць адну з галоўных роляў. Магчыма, у серыяле яе гераіні сапраўды будзе адведзенае крыху больш значнае месца, але ў кінаверсіі яна мае ролю не больш як эпізадычную. Спачатку з’яўляецца колькі разоў ва ўспамінах героя, а потым цягам дзвюх кароткіх сцэн памірае.
Уся “вострасць” фільма, якая мела выклікаць “мантажны скандал”, змяшчаецца ў некалькіх неабавязковых сцэнах, штучна прыкручаных да асноўнай сюжэтнай лініі. “Суткі” за мацюкі, мент-фашыст, справа Бяляцкага, цалкам па-за кантэкстам панатыканыя песні Ляпісаў і N.R.M. Зразумела – без гэтага Курэйчык не мог бы пайсці шляхам пратаптаным Марціновічам і забараніць сам сябе, даючы такім чынам яшчэ не гатовай стужцы статус андэграўнднай і ледзь не апазіцыйнай.
Фільм хварэе на ўсе тыповыя хваробы фільма перамантаванага з серыяла. То бок, стужка даўгая, у ёй шмат падзей і пададзены яны даволі скамкана і схематычна. Здымкі дужа нагадваюць менавіта серыял, а не кінастужку. Пэўную дынамічнасць хацелася б аднесці да плюсаў, але ў другой палове фільма праз недахоп часу кадры проста змяняюцца адзін за адным быццам бы мы глядзім слайдшоў. Схематычнасць падзей зашкальвае. Канцоўка размытая і безэмацыйная.
Курэйчык дасягнуў свайго – бульбасрач у каментах гарантаваны. “Тэма цыцак раскрытая”. А, калі ёсць рэзананс, дык значыць шоў маст гоў он! Чакаю з нецярпеннем серыяльнай версіі, дзе, спадзяюся, большасць сцэн, якія ў кіно падаюцца штучнымі, знойдуць лагічны працяг.
Наогул, “Вышэй за неба” гэта дарагая і цікавая рэклама здаровага ладу жыцця і бяспечнага сэксу (асабліва запамятваецца сцэна з прэзерватывам, якая, спадзяюся не мэтанакіравана, выклікае смех у гледачоў). Гэты фільм трэба паказваць на зомбі-экране на Савецкай плошчы Гродна замест абрыдлай сацыяльнай рэкламы, намаляванай у духу “мой брат алігафрэн вучыцца рабіць анімацыю ў флэшы”.
Пры гэтым, “Вышэй за неба” – адзін з нешматлікіх фільмаў знятых у незалежнай Беларусі, які наогул варты хоць нейкай увагі.
Фільм: Вышэй за неба, 2012 г., Беларусь, 134 хв.
Рэжысёр: Дзмітры Марынін
Сцэнарыст: Андрэй Курэйчык
Гатунак: сацыяльная рэклама / моладзевая драма
Асабістая ацэнка: 7/10