Паліна Рэспубліка і “Людзі на балоце” прадставілі Беларусь на фэсце ў Беластоку

| Без катэгорыі

Малая колькасць гледачоў – напачатку ў зале было ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, а ў палове праграмы наўрадці больш за сто – стварала вельмі простую, сяброўскую атмасферу. Было адчуванне гэткай камернай сустрэчы музыкаў і слухачоў. Пры гэтым, што зала Беластоцкай Філармоніі камернасцю не адрозніваецца, а музыкі былі запрошаныя не абы якія.

 

Здагадку адносна невялікай колькасці гледачоў у зале выказала напачатку вядоўца фэсту Ілона Карпюк, падзякаваўшы прысутным, што тыя не засталіся побач з тэлевізарам. А спакуса застацца была, бо ў час канцэртаў акурат транслявалі матчы Галандыя-Данія і Нямеччына-Партугалія, якія праходзілі ў межах Еўра-2012.

 

Новы фэст праходзіць у два этапы – 9-10 чэрвеня адбываецца Songwriting Op!era Festival, сэнс якога можна больш-менш перадаць як “фестываль аўтарскай песні”, а 29 чэрвеня – 1 ліпеня пройдзе Folk Op!era Festival. У абедзвюх праграмах значнае месца займаюць беларускія музыкі: Паліна Рэспубліка, “Людзі на балоце”, FolkRoll і Re1ikt. З замежных зорак варта згадаць Аліну Арлову, Васю Абломава ці Гайдамакаў.

 

Менавіта беларускія музыкі, журналісты і проста падляшскія беларусы рабілі прысутнасць прадстаўнікоў “Твайго стылю” на фэсце гэтакай прыемнай. Злева – Сярожа Будкін з “Тузіна”, справа – Юра Асеннік з “Zero-85”, недзе навокал круцяцца людзі з мікрафонамі “Рацыі”, а знаёмыя музыкі з Гродна і Мінску рыхтуюцца ў “грымёрцы”, якая была, па сутнасці, малой актавай залай. Міла.

 

Фэст адкрыў беластоцкі гітарны дуэт Lifemotiv з лірычна-жартаўлівымі песнямі пра жыццё ў памежным горадзе. Тэксты ў стылі “што бачу, тое і спяваю” не мелі шмат шанцаў застацца ў памяці слухачоў, таму хлопцаў і адпускалі са сцэны без шкадавання.

 

Наступнай была Паліна Рэспубліка, гэтым разам не толькі з кантрабасістам Эрыкам Арловым, але і гітарна-акардэонным віртуозам Уладзем Пыльчанкам (гурты “Пацукі”, “Handmade”, “Нельга забыць”).

Palina Respublika by T-STYL-1


Адыграўшы сваю стандартную праграму з беларуска-рускіх песень, яна саступіла сцэну гарадзенцам з гурта “Людзі на Балоце”.

 

Паліна Рэспубліка з Эрыкам Арловым і Уладзем Пыльчанкам

 

Тыя зайгралі ўжо вядомую “антыбальшавіцкую” праграму з чаканага ўсімі першага альбома, а таксама песню з новай лірычнай праграмы на верш падляшскай паэткі Марыі Базылюк.

Ludzi na balocie by T-STYL-1


Паколькі падрыхтаваных песень у гурта болей не было, а гледачы не хацелі адпускаць музыкаў са сцэны, тыя зайгралі галоўны кальянаўскі гіт – “Радыёактыўны снег”.

Гурт “Людзі на балоце”

 

Якасны гук Падляшскай Філармоніі дазволіў нават найбольшым скептыкам пераканацца, што ў гарадзенскім андэграўндзе лічацца не толькі ідэі, але і выдатная музычная рэалізацыя – “Людзьмі на балоце” можна было ганарыцца. Гурт вельмі прафесійна і зладжана глядзеўся і слухаўся падчас фэсту.

 

Хэдлайнерамі дня можна смела назваць літоўскую спявачку Аліну Арлову, дацкага музыку Марціна Хола – спецыяліста па змрочных скандынаўскіх гуках, а таксама легенду польскага року Леха Янэрку.

 

Аліна Арлова

 

Сціплая і сонечная Аліна з невялікім гуртом у больш чым гадзінным выступе прадставіла большасць песень з альбомаў Laukinis šuo dingo i Mutabor, а таксама некалькі новых кампазіцый. Ад польскіх слухачоў, у перапынку паміж песнямі, можна было пачуць параўнанні творчасці спявачкі з больш вядомымі ў Польшчы Coco Rosie. Аднак, безумоўна, Аліна застанецца ў памяці як цалкам самастойная артыстка. Зала развітвалася з літоўскай спявачкай стоячы.

Alina Arłova by T-STYL-1

 

Застаецца спадзявацца, што на другую частку фэста, дзе выступяць FolkRoll, Re1ikt, Kapela ze Wsi Warszawa ды іншыя не менш цікавыя гурты, збярэцца большая колькасць гледачоў. Прынамсі, Еўра-2012 тады ўжо дакладна скончыцца.

 

Здымкі Іны Севярын