Прайшла прэм’ера «Палявання на зубра»

Пачынаецца ўсё дастаткова арыгінальна і нетыпова: у клетцы стаіць абрублены дуб, пад ім, сярод пакетаў са смеццем ляжыць кудлаты волат, тры жанчыны ў балахонах галасуюць на шашы. Калі ніхто так і не спыняецца, адна з іх корміць «вязня» акрайкам хлебa. Пераважна чорны колер, металічная сетка, пакеты са смеццем ды дзіравыя бочкі ствараюць атмасферу нейкага постапакаліпсіса – ці то чарнобыльскага, ці то культурнага, які мае ўвасабляць сабой Беларусь. Дарэчы, шум цэлафана, а таксама металічны звон бочак сталі удалым гукавым аздабленнем вечарa.

 

Хутка ў пастанове з’яўляюцца міфалагічна-гістарычныя матывы: лялька самога Міколы з Гусава, ад імя якога і ідзе расповед, каралева Бона, якая ў розныя мoманты з’яўляецца ў выглядзе трох сваіх партрэтаў, увасабляючых розныя ўзросты. Увесь тэкст узяты непасрэдна з арыгінальнай «Песні пра зубра», што надае рэплікам пэўную сакральнасць, выкрадаючы часам сэнсавы складнік.

 

Геніяльнасць асобных сцэнаў безумоўна не можа пакінуць абыякавым: разважлівы падарожнік Мікола, пад нагамі якога коціцца бочка падчас шпацыру, а ужо праз імгненне пачынаецца дождж, пад якім ён працягвае свой аповед. Альбо язычніцкія ігрышчы вядзьмаркі ў суправаджэнні актора са здаравенным чэрапам зубра на галаве. Расповед у гэты момант ідзе аб князі Вітаўце, які працягваў хрост Літвы, таму лялька вядзьмаркі неўзабаве трапляе ў …акварыум з вадой.

 

Не да канца зразумелым застаецца момант, падчас якога дзяўчына ў клетцы спявае знакамітую «Лілі Марлен», а хлопцы побач спачатку маршыруюць, а пасля кідаюцца страляць у зал з уяўных маўзэраў па камандзе: «Айн – цвай – драй!.. ». Чарговая апеляцыя да ваеннай тэмы, якой з дзяцінства перакормлены беларускі глядач, наўрад ці з’яўляецца моцным бокам пастановы. Тая ж сітуацыя з нечаканай устаўкай мулявінскай «Белавежскай Пушчы» – у гэты момант праектар выводзіць на белую тканіну ў руках акторак пастаральныя краявіды Беларусі, хаця нехта з прадстаўнікоў старэйшага пакалення хіба і пусціў у тую хвіліну скупую слязу.

 

Напрыканцы гадзіннай пастановы скульптуру зубра разбіраюць на кавалкі на вачах у шакаваных жанчын, якія перад ім кленчаць. Яны ж і хаваюць мёртвага волата пад белымі хусткамі – без пафасу і гучных словаў…

 

Уражанне ад пастановы хутчэй за ўсё будзе вельмі індывідуальным, залежным ад густу ды ўзросту гледача. З асобных па-майстэрску зробленых кавалкаў, на мой погляд, так і не атрымалася паслядоўнай скончанай мазаікі. Магчыма, не была вытрымана адна стылістыка, магчыма, аж занадта сумбурным быў пераход ад адной часавай рэальнасці да іншай. Схадзіць хіба што варта, але загадзя падрыхтаваўшы сябе да ўнутранага запыту ў канцы: «І гэта ўсё?».

Фота: http://grodnolyalka.by/