У Друскінінкай – на ровары

Убачышы вялізную чаргу на мяжы раптоўна падумалася, што і нам яе прыйдзецца праходзіць, аднак прыязная дзяўчына-памежнік з беларускага боку выпісала нам квіток, што мы перасякаем мяжу на транспартным сродку і адразу пусціла на памежную тэрыторыю. На літоўскай мяжы мы таксама пераязджалі мяжу без усялякай чаргі.

 

Увесь час затрымкі на мяжы – гэта абмен грошаў. Нашай памылкай было тое, што мы забыліся памяняць грошы ў беларускіх банках. А курс абмену на мяжы складаў 2,75 літа за даляр, прыйшлося заплаціць і камісію за абменную аперацыю. Восем кіламетраў дарогі ад мяжы да Друскінінкая праляцелі вельмі хутка, і вось мы ў горадзе-курорце.

 

Тут вялізная колькасць роварных пракатаў за невялікі кошт – за 5 літаў можна карыстацца роварам суткі. Адразу з роварамі вам прапаноўваюць проста ў горадзе узяць на пракат лыжы альбо сноўборды. Недаўна ў Друскеніках адкрылася зімовая арэна, дзе можна на лыжах спусціцца са зробленай штучна гары. Раю браць лыжы альбо сноўборды ў горадзе. Пракат ў горадзе – гэта 30 літаў, у самой зімовай арэне – 55.

 

Сённяшні Друскінінкай – гэта горад фантанаў, якія сустракаюцца на кожным кроку і здзіўляюць сваёй разнастайнасцю.

 

Нельга абысці бокам і адзін з самых вялікіх у Еўропе аквапаркаў, у які прыяджаюць адпачыць людзі з усёй Еўропы. Трубы аквапарку на знешняй сцяне будынка – адначасова горкі, па якіх можна пракаціцца ўнытры. Самая доўгая – каля 200 метраў і там можна развіць хуткасць да 80 км ў гадзіну і атрымаць прыліў адрэналіну. Наведванне аквапарку на ўвесь дзень для дарослых каштуе 99 літаў, што ўключае ў сябе не толькі аквапарк, але і больш за 20 лазняў, з рознай тэмпературай і вільготнасцю.

 

Пасля наведвання аквапарку, а былі мы там некалькі бонусных гадзінаў, якія атрымалі ў падарунак, нас чакаў шопінг па крамах. У маленькім горадзе – два вялізныя супермаркеты Maxima I Iki, што суседнічаюць між сабою. Яны чымсьці нагадваюць нашыя самыя вялікія крамы – Еўраопт, альбо АЛМІ. Нас адразу пацягнула глянуць кошты на мясныя вырабы і шакалад, якім яшчэ з савецкага часу славілася Літва. Мяса – ад 9 літаў, а звычайныя 100 грамовыя шакаладкі – ад 2-х літаў.

 

Троху закупіўшыся, мы рушылі ў адваротны бок. Мяжу з літоўскага боку мы такса праходзілі без усялякай чаргі. У цэлым – шпацыр карысны і не занадта цяжкі, таму што аквапарк здымае любую стомленасць. Акрамя таго, спрошчаны праезд праз мяжу пазітыўна адбіваецца на настроі. Ну, а дадому дарога – заўсёды карацей.