Еўра-2012: за каго «хварэюць» гарадзенцы? (Апытанне).
Заўзятары зборнай Англіі збіраюцца ў мясцовым пабе.
А за каго хварэюць іншыя? У самым пачатку Чэмпіянату мы вырашылі апытаць аматараў футбола аб іх прыярытэтах і хто, на іх думку, стане чэмпіёнам.
Маладая пара Сяргей (футбаліст ФК «Нёман») і Майя (студэнтка факультэта журналістыкі, БДУ) лічаць: «Любоў да зборнай Партугаліі па футболе зблізіць нашу пару яшчэ больш. Верым у поспех любімай каманды і балеем за добры футбол!».
Мікалай, наладчык музычных інструментаў: «Буду хварэць за Італію і Расію. Італія – гэта яшчэ з дзяцінства, а за Расiю – бо гэта нашыя браты. А пераможа наймацнейшы, і гэта будзе Гішпанія ».
Студэнт аграрнага універсітэта Юрый кажа: «Пераможа Германія або Галандыя, а можа і апошнія ўладальнікі Еўрапейскага кубка – гішпанцы. Хварэць буду за палякаў, так як сам паляк, а зборная Чэхіі і Харватыі падабаецца па стылі гульні».
Яўген, студэнт універсітэта ім. Янкі Купалы, будучы эканаміст, вельмі ветліва нас сустрэў: «Вядома буду хварэць за Расію і Украіну Славяне, наперад!».
Яраслаў, проста аматар футбола: «Я хварэю за Расiю, хлопцаў там матывуюць не па-дзіцячаму, таксама і за ангельцаў, у якіх сімпатычная тактычная схема з двума супер-плеймейкерамi: Лэмпард і Джэрард, суперхуткасны Ленан. Яны гэтую гульню прыдумалі і праўдзівы густ толькі ім пад сілу. А перамогуць галандцы з «галодным» Снэйдэрам і «злым» Роббенам, і з лепшым нападаючым Ван Персі … ».
Максім-лёгкаатлет хварэе за Галандыю, і лічыць што яго карані пайшлі адтуль: «Вельмі знешнасць мая падобная на галандца, буду хварэць за радню. А пераможа Гішпанія, так як яны з’яўляюцца ўладальнікамі двух апошніх кубкаў – Еўра-2008 і ЧС-2010».
Прыгожая дзяўчына Яўгенiя танцуе хіп-хоп. Футбол не вельмі часта глядзіць, мала часу – вучоба, трэніроўкі. Але гэты чэмпіянат хоча паглядзець, бо ён будзе праходзіць у нашых суседзяў. «Буду хварэць за Гішпанію, многія сябры хварэюць за гэтую зборную, тым больш Гішпанія з’яўляецца адной з наймацнейшых футбольных краін свету».
Зміцер: «У фінале думаю сустрэнуцца зборныя Нямеччыны і Гішпаніі, перамогуць немцы. А хварэць напэўна буду за ангельцаў, вызначуся пасля першага круга».
Аляксей, суддзя па футболе: «Думаю, што пераможа Нямеччына, а буду хварэць за Расію і Украіну». Было апытана мноства людзей.
Большасць аддае перавагу ангельцам і гішпанцам, можна сказаць, – фаварытам. А чэмпіёнам большасць назвалі зборную Гішпаніі. Але многія футбольныя аналітыкі лічаць, што дадзены чэмпіянат стане адкрыццём. Паглядзім, хто стане чэмпіёнам Еўра-2012. А пакуль атрымліваем асалоду ад гульнi лепшых футбалістаў Еўропы.