Вайсковая гісторыя Гродна з двух бакоў – прэзентацыя кнігі гродзенскага гісторыка

|

Дзмітрый Люцік:

Я паспрабаваў выкарыстаць нямецкія крыніцы, бо раней я гэтага не бачыў. У савецкія часы выкарыстоўваліся толькі савецкія крыніцы, у постсавецкія – таксама. Я задаўся мэтай параўнаць нямецкія і савецкія крыніцы, карты, сведчанні, дакументы.

Гэта, я лічу, будзе на самой справе больш аб’ектыўна, бо і той, і другі бакі былі моцна ідэалагізаваныя. І тыя, і другія, нешта дадавалі, перапісвалі.

 

Да ўсяго аўтар дадаў успаміны мясцовых жыхароў, іх погляд на падзеі, і матэрыялы Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расіі (Масква).

 

Прэзентацыю для самага блізкага кола Дзмітрый Люцік зладзіў на 1-ым форце (в.Загараны):

–          На гэтым месцы адбываліся падзеі, пра якія я распавядаю ў кнізе. Тады ў акружэнне трапілі некалькі батальёнаў савецкіх салдат і вытрымалі цяжкія баі. Адзіны помнік, які ёсць на гродзенскіх фартах, прысвечаны менавіта гэтым салдатам. Таму мы з сябрамі зладзілі тут міні-прэзентацыю, усклалі кветкі да помніка.

 

 Сам аўтар лічыць сваю кнігу даволі цяжкай да ўспрыняцця: вельмі падрабязная, грунтоўная, утрымлівае шмат падзей, прозвішчаў, назваў населеных пунктаў. Аднак тыя, хто не абыякавы да гісторыі Гродна, прачытаюць яе з цікаўнасцю.

 

Прэзентацыя кнігі “Нёманскі фронт”, выдадзенай “Гарадзенскай бібліятэкай”, адбудзецца 14 чэрвеня ў памяшканні ва ўнутраным дворыку па адрасе: вул.Будзёнага 48а.

Пачатак у 19 гадзін.