Голас Васіля Быкава зноў загучыць у Гродна

Кніга “Васіль Быкаў: гісторыя жыцця” – першая спроба стварэння своеасаблівай энцыклапедыі Васіля Быкава. Кніга аздоблена здымкамі, большая частка якіх публікуецца ўпершыню.

Сярод змешчаных на 734 старонках кнігі дакументаў асаблівую цікавасць уяўляюць невядомыя раней архіўныя матэрыялы, рукапісы і эпісталярная спадчына Васіля Быкава (у тым ліку франтавыя лісты 1944-1945 гг., ліставанне з Алесем Адамовічам, В. Аскоцкім, В.Астаф’евым, Рыгорам Барадуліным, В.Някрасавым, А.Твардоўскім). А таксама ўспаміны Чэнгіза Айтматава, Святланы Алексіевіч, Генадзя Бураўкіна, Барыса Васільева, Міхаіла Гарбачова, Іны Карпюк, Зянона Пазьняка, Станіслава Шушкевіча.

Кніга выйшла ў супольным праекце “Гарадзенскай бібліятэкі” і “Бібліятэкі Бацькаўшчыны” і складаецца з 2-х тамоў.

Першы том пабачыў свет у красавіку бягучага года, а другі мае выйсці ў чэрвені напярэдадні 85-й гадавіны з дня нараджэння Васіля Быкава.

Арганізатары сустрэчы абяцаюць, што кожны ахвотны зможа атрымаць кнігу з подпісам і пажаданнямі аўтара, а таксама пачуць жывы голас Васіля Быкава.

Сустрэча з Сяргеем Шапранам пачнецца а 19.00 па адрасе: вул. Будзёнага 48а-44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы).

Паводле прэсслужбы Гарадзенскага Руху За Свабоду

Фота з сайта http://bykau.com