Аптымістычная трагедыя ў «горадзе сонца»

|

Не пераказваючы чарговы раз сюжэт фільму ад пачатку, хацелася б адразу засяродзіцца на найбольш спрэчных момантах. Іх можна звесці да наступных: 1) фільм «папсовы», 2) фільм недастаткова «незалежніцкі» (ці «свядомы», як хочаце), 3) Курэйчык зняў агітку, 4) Курэйчык – «нехарошы чалавек».

 

Пачаць хіба варта з апошняга. А чаму Курэйчык наогул мае быць «харошым»? Чаму ён мае быць донарам крыві, усынавіць траіх дзяцей, выконваць нейкія пагадненні з ААН? Каму з нас ён наогул што павінен? Дык чаму мы яго судзім? Так, кіно знята на грошы ААН, дзякуй ім за гэты, хай і наступным разам лепш ахвяруюць «анархісту» Курэйчыку, які не грузіцца пытаннем аўтарскіх правоў і працуе «па-партызанску», чым Гарадзенскай філіі Чырвонага Крыжа, якая трымае штат супрацоўнікаў разам з бухгалтэрыяй, і дзейнасць якой даўно схавана ў тумане. Альбо на гуманітарную дапамогу Самалі, якую мясцовае насельніцтва мажліва і атрымае, але толькі… за грошы.

 

Ці «папсовы» фільм? Хіба так, разлічаны на масавага расейскамоўнага гледача. Але ён і не прэтэндуе на арт-хаус, не з’яўляецца намінантам Канскага фестывалю ці «Грэммі». Канешне, недастаткова дэпрэсіўны (як на беларускага гледача), ды і сканчаецца нечакана добра – гэта ўжо пралікі са сферы нацыянальнай псіхалогіі. У адрозненні, напрыклад, ад «чарнушных» карцінаў Гай Германікі рэжысёр спачувае свайму галоўнаму герою Мікіту Міцкевічу. У стужцы наогул дастаткова станоўчых, але пры гэтым жывых герояў, што наўрад ці з’яўляецца яго заганай.

 

Нават мікітаў бацька, падпалкоўнік міліцыі, паказаны ў светлых фарбах: барацьбіт з наркатой, чуллівы родзіч, «мужык», у рэшце рэшт. За гэта яму можна прабачыць усё, нават сакраментальныя фразы кшталту: «Гэта ўсё з Захаду: спачатку кола, потым музыка, фільмы… бардак вакол, толькі ў нас стабільнасць!».

 

 Вобраз «мента-фашыста» ажно занадта пазітыўны, падобны хутчэй на нашыя пажаданні і «чаянія» адносна супрацоўнікаў аховы парадку. Куды больш палітызаваны на мой погляд вобраз дэкана, бацькі Яны, які, хутчэй за ўсё, нябачна для гледача падпісвае загады аб выключэнні стдэнтаў «за палітыку», нібыта выводзіць Курэйчык паміж радкоў.

 

Дарычэ наконт палітыкі: чаму справа Беляцкага па ТВ, затрыманыя хлопцы ў РАУСе, песні Вольскага і Міхалка абавязкова сведчаць аб пэўным палітычным ухіле? Фільм наогул не аб гэтым, гэта такі ж самы бэкграўнд як будынкі з праспекту Незалежнасці ў якасці дэкарацыяў. Палітыка так ці інакш стала жыццёвым экстэр’ерам для большасці беларусаў, нават калі чалавек робіць выгляд, што ў ёй незаангажаваны, прывыкайце!

Стужка ня мелася стаць аналагам ані украінскага «Памаранчовага неба», ані польска-беларускага «Жыве Беларусь!». Таму аматарам «рэвалюцыйнага экшэн» прыйдзецца крыху пачакаць «цуд з-над Віслы» ад Франака Вячоркі.

 

Дарагія мае палітызаваныя сябры з вытанчаным мастацкім густам! Жыццё не абмяжоўваецца фарматам сайту «Хартыя» альбо часопісу «ARCHE», яно нашмат складанейшае і шырэйшае. І не след з гэтай прычыны нам крыўдзіць Курэйчыка і шкадаваць ААН: ААН пройдзе і не заўважыць, а вось Курэйчык у нас адзін!..

 

Увага! Аўтар не даваў згоду на публікацю рэцэнзіі і лічыць яе «злівам». Яму наўпрост па-барабану.