Што набыць турысту ў нашым горадзе?
Да прыкладу, калі верыць афіцыйным дадзеным, у 2011 год Беларусь наведала прыкладна 990 тысяч турыстаў.
Часцяком чую, што наш горад не прыстасаваны для турыстаў. І таго няма, і гэтага. Вось і старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра зазначае пасля правядзення IX Рэспубліканскага фестываля нацыянальных культур: «Неабходна прапрацаваць арганізацыю яшчэ не меньш за 10 фестываляў і святаў, якія прывядуць у вобласць турыстаў».
Хто ж спрачаецца. Добрая ідэя, але хочацца сказаць, што фестывалі – не панацэя. І адкрыць страшную тайну. У Еўропе турызм існуе не толькі ад свята да свята, а кожны дзень. Ужо даўно распрацавана добрая інфраструктура, у якую ўваходзяць не толькі дарагія і танныя гатэлі, цікавыя музеі, наяўнасць зручных парковак, вялікая колькасць разнастайных кавярняў, але і добра арганізаваны продаж розных сувеніраў ды «памёнтак».
Гуляючы па Стакгольму, я здзіўлялася вялікай колькасці сувенірных лавак, якія гандлявалі амаль усім – ад кітайскіх магніцікаў з відамі сталіцы Швецыі да рэканструкцыі сапраўдных шаломаў вікінгаў. Добра быў прадстаўлены і такі модны зараз сегмент сувенірнага рынка, як хэндмэйд: ад вырабаў з воўны ды традыцыйных цёплых вязаных рэчаў са скандынаўскімі ўзорамі да вельмі дарагіх аўтарскіх лялек.
Натоўпамі вязуць са Швецыі гномаў, ласей ды троляў, якія сталі брэндамі гэтай краіны. Ці ёсць у нас такія брэнды? Што можам мы прапанаваць выпадкова трапіўшаму ў наш горад турысту?
На жаль, у нас і дзесятай часткі няма тых крамаў, што ёсць у еўрапейскіх гарадах. Ды і турысту знайсці іх будзе дастаткова цяжка, бо няма ўказальнікаў і нейкіх абазначэнняў гэтых крамаў. Зараз – самы турыстычны сезон. Што прапануюць мясцовыя сувенірныя крамы?
Скураныя вырабы
На вуліцы Ажэшкі, якая лагічна вядзе турыста ў цэнтр, ёсць, бадай што, адзінае месца, дзе можна што-небудзь набыць. Гэта Гарадская выставачная зала. Адначасова можна і выставу якую глянуць. Тым больш, што квіток каштуе вельмі танна. Тут можна набыць скураныя вырабы вытворчасці фірмы «Макей». Да слова, гэтыя вырабы прысутнічаюць амаль ва ўсіх сувенірных ды больш -менш буйных крамах. Выбар стандартны – ключніцы, вокладкі для пашпартоў, розныя аплеценыя скурай кубкі, фотаальбомы і фотарамкі. Кошты ад 20 да 800 тысяч. Тут жа можна набыць і карціны мясцовых мастакоў.
У краме «Ткалля» можна знайсці копію гарадзенскай чорнай керамікі
А далей, ажно да вуліцы Савецкай аніводнай сувенірнай крамы няма. Для турыстычнага еўрапейскага горада такая сітуацыя проста непрымальная. Нарэшце, зусім выпадкова заходзім ў краму «Прамень», якую я памятаю яшчэ з дзяцінства. Як і тады, тут гандлююць гадзіннікамі. Аднак ёсць цэлы адзел сувеніраў, якія прадстаўлены і магніцікамі, і лялькамі з дрэва ды ільна, вытворчасць якіх не змянілася, здаецца, яшчэ з савецкіх часоў.
Што ж, выбар які-ніякі ёсць. Ідзем далей. Наўрад ці просты еўрапейскі турыст здагадаецца, што ва ўнівермазе могуць прадавацца сувеніры, тым больш, аніводнага надпіса, хаця б на польскай мове, не было заўважана. Пра ангельскую можна ўвогуле не казаць. Тым не менш, на першым паверсе існуе аддзел з рознымі сувенірамі, дзе можна знайсці нават больш-менш крэатыўныя магніцікі ў выглядзе беларускіх рублёў.
Сувенірную купюру ў 50 рублёў можна набыць усяго за 6250…
На галоўнай вуліцы нашага горада можна зайсці яшчэ ў крамы «Жемчужіна», «Ратушны» ды «Праметэй»… Той жа стандартны набор – магніцікі, вырабы з саломы ды ільна. Турысту, калі шчыра, не хочацца губляць свой час на пошук сувеніраў. Аднак у нашым горадзе нельга шукаць лёгкіх шляхоў. І да гэтага трэба быць падрыхтаваным.
Адзначу, выбар хоць і есць, але усё неяк «прэсна». Мне давялося паразмаўляць з расійскімі турысткамі, якія выбіралі магніцікі у краме «Баторыя». Так, у прадуктовай краме ёсць адмысловы аддзел з сувенірнай прадукцыяй.
– Хочацца купіць нешта. Цікавае. І грошы ёсць, і быццам бы нядорага, а няма нічога, што спадабалася б, – круцячы ў руках дэкаратыўную талерачку, скардзілася адна з жанчын.
Яны так нічога і не купілі.
Сапраўды, ва ўсіх узгаданых крамах прадаецца адзін і той жа стандартны набор сувеніраў. Адныя і тыя ж выявы зуброў, як сімвала Беларусі, адныя і тыя ж выявы помнікаў, некаторыя чамусьці ў чорных рамках-віньетках. Праўда, сярод аднолькавых магнітаў ды саламяных вырабаў можна там-сям знайсці нешта цікавае – напрыклад, магніты з малюнкамі Н. Арды былі заўважаны як раз у «Баторыі».
align=”” > |
|
Стандартныя магніцікі | Крэатыўныя магніцікі – кошты адразу вышэй |
Трохі іншая сітуацыя ў спецыялізаваных сувенірных крамах, якія знаходзяцца ў цэнтры. Гэта – «У майстра», «Хата мастака», «Мечталія» , «Ткалля» ды «Фядорына шчасце». Апошняя – хоць і пасудная лаўка, але прапануе і сувеніры. Галоўнае адрозненне гэтых крамаў у тым, што тут можна знайсці сапраўдны хэндмэйд. Але ж, «Мечталія», якая знаходзіцца на Вялікай Траецкай, прапануе хоць і выкшталцоныя, але кітайскія сувеніры. Колькасць цацак і лялек, зробленных рукамі гарадзенскіх майстрой і майстрых, невялікая. Таксама неблагі выбар керамікі. Адразу трэба мець на ўвазе, што хэндмэйд-вырабы будуць каштаваць даражэй, чым штампаваныя магніцікі.
Іншая сітуацыя ў краме «Ткалля», якая знаходзіцца на Замкавай. Тут сабраны толькі хэндмэйд з уклонам на самабытныя рамёствы ды беларускі стыль.
Гаспадыня крамы Яўгенія Станіна з гонарам паказвае нам звязаны са льна ажурны топік і распавядае, што маці майстрыхі, якая зрабіла гэтую працу, сама вырошчвала і апрацоўвала гэты лён. Ці заходзяць турысты, – пытаюся.
– Так, заходзяць, але хацелася б, каб большая была цікавасць, – адказвае Яўгенія, паказваючы нам вышываныя кашулі ды сапраўды прыгожыя магніцікі. Дзеліцца планамі ды марамі аб адраджэнні рамёслаў, каб нарэшце была нейкая візытовая картка нашай краіны і нашага горада.
Сувеніры турыстам прапануюць яшчэ ў нашых замках, але выбар там той жа, што і ў іншых неспецыялізаваных крамах. Попыт, вядома, нараджае прапанову. Але турысту гэтую прапанову яшчэ трэбу… адшукаць. Нейкае замкнёнае кола: турысты шукаюць сувеніры, сувеніры дзе-нідзе ёсць, але гэтае «дзе-нідзе» патрабуе асобнага пошуку. Але каштоўны час нармальны турыст лепш патраціць на свае турыстычныя справы – фотаздымку, экскурсіі, шпацыр.