Нацыянальны чэмпіянат: «Нёман» – «Белшына» 1:0

|

У дзень матчу народ вельмі слаба «цягнуўся» на стадыён. Але амаль кожны сустрэчны казаў, што «Нёман» пераможа: апошнія матчы, праведзеныя гродзенскай дружынай, выклікалі давер балельшчыкаў.

 

На матчы быў прыкметны Віталь Надзіеўскі з дзяўчынай (былы капітан «Нёмана», які з’ехаў гуляць за польскую «Алімпію» Д3). У польскім чэмпіянаце перапынак, так што Віталь вырашыў прыехаць на Радзіму, і паназіраць за СВАЁЙ камандай, якой аддаў лепшыя гады.

 

Затое адсутнiчалi на стадыёне «заўзятыя аматары футбола», якія ў гэтым сезоне не прапусцілі не адной гульні – супрацоўнікі АМАПу. Іх замянілі звычайныя супрацоўнікі міліцыі. Пытанняў па бяспецы не ўзнікала, па словах міліцыі, аматары футбола з’ехалі на канцэрт у слаўны горад Мір.

 

Небяспека каля брамы “Белшыны”

У фанацкім сектары: прыемна калі каманда перамагае

align=”” >

Адразу пасля гульні


Што тычыцца матчу, то пачатак яго быў сумнаваты. На працягу ўсяго першага тайма гледачы так і не ўбачылі сур’ёзных небяспечных нападаў. Хоць нешта спрабаваў стварыць капітан «Нёмана»  Дзянісевіч. Іван адгукнуўся на перадачу Вітуса ў штрафную, апрацаваў мяч і прабіў у блізкі кут. Галкіпер гасцей  Скіндэрыс адвёў пагрозу ад варот.

 

У другім тайме гульня ажывілася. Сольны праход Лявіцкага, выдатны ўдар Варанкова і небяспечны ўдар у Раўнейка не прывялі да голу. Але ўсё ж вастрыня з’явілася каля брамы гасцей, і гэта цешыла балельшчыкоў.

 

Шматлікія напады ў другім тайме прывялі на 71-ай хвіліне да голу. Рыбак прарваўся па краі і аддаў дакладны пас у брамавую на набягаючага Савіцкага, Павел лёгка адправіў мяч у вароты. Пасля гала гаспадары перайшлі ў абарону і гулялі на контратаках. Матч так і скончыўся, «Нёман» апынуўся мацней «Белшыны» і выйшаў на 6 месца з 15 ачкамі ў актыве.

 

Наступная хатняя гульня адбудзецца 27 чэрвеня, у госці ў Гродна прыязджае чэмпіён – барысаўскі БАТЭ. А наступны матч «Нёман» згуляе 23 чэрвеня з «Брэстам», якi ўжо паспеў перамагчы чэмпiёна.

Фота аўтара