У Маскве знойдзены беларускі катынскі спіс
Гэта спіс, які ўключае ў сябе імёны, прозвішчы, імёны па бацьку 1996 чалавек, вывезеных з турмаў НКВД у Брэсце, Пінску, Баранавічах, Гродне, Беластоку і іншых гарадах на беларускіх землях, занятых Чырвонай арміяй па стане на 5 сакавіка 1940 г.
“Я даўно падазравала, што сляды таго, што даследчыкі называюць “беларускім катынскім спісам”, трэба шукаць у архівах 15-й брыгады каннвойных войскаў, якая ў 1940 г. дыслакавалася ў Беларусі і перапраўляла зняволеных НКВД ў сталіцу рэспублікі.
Прадчуванне мяне не падманула”, – сказала прафесар Лебедзева, якая ўваходзіць у склад Польска-расейскай групы па складаных справах.
Беларускі катынскі спіс – гэта запоўненыя ад рукі (мяркуючы па почырку, адной асобай) табліцы з прозвішчамі, імёнамі і імёнамі па бацьку вязняў, якіх 15-я брыгада перавозіла ўвесну 1940 г.
Ёсць таксама інфармацыя куды, адкуль, і куды іх транспартавалі.
15-я Брыгада канвойных войскаў ад канца сакаваіка да ліпеня перавозіла ў Мінск групы нават да 60 асобаў. Усяго ў Мінск звезлі больш за 1800 з 1996 згаданых у спісе асобаў. На думку прафесара Лебедзевай, 99% у Мінску былі і расстраляныя – у той самы час, што і афіцэраў у Катыні, Цверы і Харкаве.
Неўзабаве Wyborcza надрукуе спіс цалкам.
Раней чыноўнікі сцвярджалі, што беларускага катынскага спісу папросту не існуе.
Падчаспрэс-канферэнцыіСМІ 23 снежня 2011 Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра беларускі катынскі спіс, заявіў, што «ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана не было».
«У нас аказаліся толькі перасыльныя пункты», — казаў ён. Больш за тое, на думку Лукашэнкі, палякаў у Беларусі не расстрэльвалі, магчыма, таму, што баяліся рэакцыі мясцовага насельніцтва.
Ва ўнісон сведчылі і афіцыйныя архівісты. Так, Уладзімір Адамушка, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, у маі 2012 казаў: «Вы ведаеце, чаму з’явіліся так званыя расійскі і ўкраінскі спіс, а няма беларускага? Яго ніхто не складаў, бо гэтыя спісы складаліся ў месцах, дзе праводзіліся непасрэдна рэпрэсіі супраць гэтых грамадзянаў. Чаму быў расійскі спіс Казельска-Юхноўскагалагера і чаму быў украінскі сьпіс? Бо гэтыя месцы знішчэння польскіх афіцэраў і падафіцэраў знаходзіліся на тэрыторыі Расіі і Украіны. Беларускага такога спісу няма. Мы займаліся вельмі актыўна гэтай праблемай. Беларускага спісу няма ў прыродзе. І, магчыма, быць не можа», — цытавала словы архівіста радыё «Свабода».
Дзе ж могуць ляжаць ахвяры расстрэлаў1940-га?
Гісторык Ігар Кузняцоў дапускае, што яны пахаваныя ў Трасцянцы.
Варта адзначыць, што і ў часе раскопак у Курапатах былі знойдзены асабістыя рэчы вырабу міжваеннай Польшчы ці з надпісамі на польскай мове, якія могуць паходзіць толькі з пахаванняў 1939-1941 гадоў.
У Беларусі ад рук саветаў загінула, паводле ацэнак гісторыкаў, каля 200 тысяч чалавек.