Арыштаваны Андрэй Пачобут
Пачобута арыштавалі ў ягонай хаце, дзе зрабілі ператрус і сканфіскавалі працоўны камп’ютар. Потым яго павезлі на допыт. Ён адмовіўся адказваць на пытанні і яго завезлі ў гарадзенскую турму.
Супраць журналіста ўзбуджаная новая крымінальная справа па артыкуле 368 частка 2 (паўторна здзейсненая абраза). Паводле папярэдняй інфармацыі, справу вядзе следчы Арсень Нікольскі (той самы, што вёў папярэднюю справу Пачобута).
5 ліпеня 2011 года Ленінскі суд Гродна вынес рашэнне, згодна з якім Пачобут быў апраўданы па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта Беларусі), але прызнаны вінаватым па частцы 1 артыкула 367 КК (паклёп на прэзідэнта).
Пакаранне, прадугледжанае за паклёп і абразу (паводле п. 2 артыкулаў 188, 189): штраф ці папраўчыя работы да двух гадоў, арышт (адпаведна да шасці ці трох месяцаў), абмежаванне волі да трох гадоў.
Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай «Газэты выборчай» у Беларусі. У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з «Газэты выборчай» і дзве з інтэрнэту — з «Беларускага партызана» і «Жывога журнала». Андрэю Пачобуту прад’явілі абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ — 368 (частка 1) — «абраза» і 367 (частка 1) — «паклёп» у адносінах да прэзыдэнта.
Паводле Службы маніторынгу БАЖ і Радыё Свабода