Пратакол, складзены на гродзенскага святара, суд вярнуў на дапрацоўку

|

Суддзя Ксенія Стасюкевіч у сваім рашэнні спаслалася на тое, што ў пратаколе міліцыянтаў ня быў зафіксаваны час здзяйсьнення правапарушэння, а таксама на тое, што пратакол, які міліцыянты даслалі на хатні адрас Мікалая Гайдука для азнаямлення, быў высланы звычайным лістом, і таму не было пацьвярджэння, што святар з ім азнаёміўся.

Нагадаю, што святар Мікалай Гайдук быў ад пачатку не згодны з пратаколам, які склаў на яго ўчастковы інспектар. Ён сцьвярджаў, што пратакол быў складзены завочна, без ягонай прысутнасці і з відавочнымі парушэннямі заканадаўства. У прыватнасці, у пратаколе ўчастковы запісаў, што святар адмовіўся падпісваць яго, хоць пратакол складаўся без удзелу святара.

Паводле святара, ён нават ні разу не сустракаўся з участковым інспектарам. Той тэлефанаваў і запрашаў на дактыласкапію, але Мікалай Гайдук адказваў яму, што мусіць параіцца са сваім кіраўніцтвам. Міліцыянт склаў пратакол завочна.