Аксана Пачобут: «Я рыхтую сябе да горшага»

Аксана Пачобут панесла перадачу мужу ў турму а 8-й гадзіне. Распавядае, што сёння ёй пашэнціла, было няшмат людзей, як зазвычай бывае ў выходныя. На месяц па-ранейшаму можна зрабіць перадачу на 30 кілаграмаў, але некаторыя правілы змяніліся.

«Я яшчэ пакуль у сябе не прыйшла і не вельмі сцяміла, што яму трэба. Тым больш з Андрэем не размаўляла, бо можа ў яго ёсьць якія-небудзь пажаданні. Пабачыла, што хатняга харчавання нельга перадаваць, то занесла ваду, напоі, садавіну…».

 

Напісала чарговы ліст. Кажа, што ўвесь дзень на нагах. Малодшы сын, якому два гады і чатыры месяцы, шукае бацьку па кватэры, прыносіць ёй тэлефон, каб яна тату тэлефанавала. Старэйшая дачка, якой 12 гадоў, трымае ўсё ў сабе і сварыцца на маці, калі тая пачынае плакаць.

Пасля ператрусу ў хаце застаўся адзін стары ноўтбук без клавіятуры, Аксана кажа, што хоць з цяжкасцю, але сама чытае навіны, якія датычаць справы ейнага мужа.

 

«Мне, канешне, вельмі цяжка цяпер, але пакуль я бачу, што людзі салідарныя і падтрымліваюць яго. Але ўсё ж я сябе настройваю на тое, што гэтым разам яго пасадзяць на гадоў пяць, як ня болей, і трэба мне неяк вучыцца з гэтым жыць. Бо інакш пазьней гэта пяройдзе ў маю бытавую праблему, як ён паедзе ў калонію… Ну вось, неяк так…».

У непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў, дзе Андрэй узначальвае галоўную Раду арганізацыі, усе абмяркоўваюць арышт. Мечыслаў Яськевіч, сваяк і сябра Пачобута, сёння сказаў, што ў панядзелак збярэцца Рада і адрэагуе на арышт.

Ён кажа, што апошнім часам Пачобут часта казаў, што яго могуць ізноў арыштаваць, асабліва пасля таго, калі ўлады жорстка разагналі пікет супраць русіфікацыі польскае школы.

 

Андрэя Пачобута арыштавалі  21 чэрвеня ў ягонай кватэры.

Супраць журналіста завялі крымінальную справу. Яго вінавацяць паводле артыкулу «паклёп на прэзідэнта». Падставамі для абвінавачвання сталі артыкулы на сайтах «Хартыя 97» і «Беларускі партызан».