Фільм пра птушак і людзей
Галоўным рэжысёрам стужкі стаў беларускі эколаг, фатограф, кінарэжысёр-анімаліст, кандыдат біялагічных навук Ігар Бышнёў. На яго рахунку каля трох дзесяткаў фільмаў пра дзікую прыроду.
Гэтая ж стужка распавядае пра стаўленне людзей да птушак, пра птушак і людзей.
Пустальга ці звонкі сокал, занесена ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў. Агульная колькасць дадзенага віда птушак у Беларусі на сённяшні дзень – прыблізна 1700 пар. Адстрэл пустальгі і разбурэнне гнёздаў з яйкамі забаронена.
Вялікая колькасць гэтых птушак, як высветлілася зусім нядаўна, жывуць у Брэсце, дзе штогод гняздуецца каля 40 пар. У Гродне арнітолагамі было зафіксавана 6 месцаў пасялення сокалаў-пустэльгаў.
“Фільм не толькі ўласна пра пушку, а пра ўзаемаадносіны людзей і дзікай прыроды. Таксама цікава было ўзнавіць атмасферу палявання ў сярэднявеччы, што мы і паспрабавалі зрабіць з дапамогай сябраў ваенна-гістарычнага клуба “Гарадзенскі Двузуб” – кажа Ігар Бышнеў.
Атмасферу палявання 13 стагоддзя аднаўлялі за горадам. Гатавалі сапраўдныя сярэднявечныя стравы, праводзілі імправізаваныя рыцарскія турніры, спрабавалі нават “паляваць”. Увесь гэты сярэднявечны вопыт павінны ўвайсці ў дакументальную стужку.
“ Маю надзею, што атрымаецца добра, – працягвае рэжысер. – Усё гэта можна будзе ўбачыць у 26-хвілінным дакументальным фільме, што выйдзе напрыканцы ліпеня.”
Пустальга – гэта невялікі, прыкладна з голуба, але вельмі прыгожы сокал, які палюе на мышэй, маладых пацукоў, суслікаў і іншых грызуноў. Нездарма гэтую птушку яшчэ называюць «пасткай». Палюе сокал старанна, здабываючы за дзень 12-15 грызуноў, а калі пашанцуе – да 30 звяркоў.
Пустальгу спрабавалі выкарыстоўваць як лоўчую птушку ў сакаліным паляванні, але яна аказалася для гэтага непрыстасаванай, “пустой”. Адсюль і яе назва. Таму выкарыстоўвалі яе больш у забавах, прывучаючы прыносіць дробных звяркоў.
У здымках фільма ўдзельнічаў сапраўдны сокал-пустальга (на галоўным здымку) з сакалінай сям’і, што гняздуецца каля будынка Белтэлекому па вуліцы Горкага. У пары вылупілася 6 птушанят. Пяцёра ўжо добра самстойна лёталі, апошні ж быў надта слабы і скіроўваўся толькі ўніз, дзе і сядзеў. Некалькі разоў яго вярталі ў гняздо, але ўсё паўтаралася зноў. Небараку вырашылі забраць, бо сакаліная сям’я ў пэўны час проста перасялілася.
Сокала паспрабуюць падсяліць да суродзічаў, а калі і там не прыжывецца, дык будуць вывучаць як лоўчую птушку.