Велавяселле ў Гродне: у ЗАГС жаніх, нявеста і госці паедуць на роварах
Рэгістрацыя пройдзе ў ЗАГСе па вул.Ажэшкі. Як распавяла “Твайму стылю” нявеста, увесь маршрут яны праедуць на роварах:
–Маршрут узгоднены з гарвыканкамам і аблвыканкамам, якія самі будуць дамаўляцца з ДАІ. Нас ці то будуць суправаджаць машыны ДАІ, ці то бяспеку руху будуць забяспечваць патрулі.
Колькасць гасцей на роварах нават для мяне пакуль застаецца загадкай. Абяцалі быць прадстаўнікі аддзела культуры.
Далучыцца да вясельнага картэжа Іра і Дзіма (на здымку) запрашаюць усіх.
Жаніх і нявеста будуць выглядаць як належыць: касцюм, святочная сукенка з фатой.
Нявеста:
–Ровары нас звялі, дзякуючы ім мы пазнаёміліся, таму ў нас нават пытання не было, як будзе выглядаць наша вяселле, заставалася толькі атрымаць дазвол. Ідэя падабалася ўсім, да каго мы звярталіся, усе хацелі нам дапамагчы, але ніхто ў аблвыканкаме і гарвыканкаме раней з такім не сутыкаўся.
Спадзяюся, наша вяселле будзе таксама прапагандай веласпорту і здаровага ладу жыцця.
Гарадзенцы ўсё часцей імкнуцца зрабіць сваё першае сямейнае свята нестандартным: жаніх і нявеста на байках, вяселле на арэне лядовага палаца… А вясельны тралейбус з’яўляецца на гарадзенскіх вуліцах з 2007 года.
Здымкі: http://velogrodno.by , http://forum.grodno.net , http://grodnonews.by , http://s13.ru