Віктар Сазонаў: “Выбаршчык усе партыі называе адным словам…»
Старшыня абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі «Грамада» з’яўляецца таксама літаратарам і вядомым у горадзе праваабаронцам.
– Колькі зараз на Беларусі партый з назвай «Грамада»?
– Тут пытанне акурат у тым, колькі партый так сябе называюць: гэта партыі пад кіраўніцтвам Міколы Статкевіча, Ірыны Вештард і наша – са Станіславам Шушкевічам на чале.
Наша партыя, напрыклад, не зусім сацыял-дэмакратычная – назва была ўзятая ў 90-ых гадах перш за ўсё з-за гістарычнай пераемнасці. Як вядома, першай беларускай партыяй у гісторыі, якая ўзнікла на пачатку ХХ ст. была акурат «Грамада». Нажаль, не ўсе добра ведаюць гісторыю, таму партыю сталі ўспрымаць выключна як сацыял-дэмакратычную.
– Дык вы не «левая» партыя?
– Не, асабліва наша гарадзенская арганізацыя займае месца хутчэй паміж правай і цэнтрысцкай палітычнай плынню. Так, была блытаніна, але на пэўным этапе мы вырашылі, што важна захаваць назву «Грамада», тым больш у нашай сітуацыі змена назваў, а значыць перарэгістрацыя, – гэта вельмі складаная справа.
В.Сазонаў (у цэнтры) на чале дэманстрацыі
– Якія ў вас адносіны са Статкевічам?
– Мы імкнемся захоўваць добрыя адносіны з усімі партыямі, якія ідуць дэмакратычным шляхам, уключаючы нават камуністаў – партыю левых «Справядлівы Свет», якія зараз таксама выступаюць за дэмакратычныя каштоўнасці. У нас ва ўсіх ёсць на сённяшні момант галоўная ідэя – незалежная дэмакратычная Беларусь. Калі гэтая мэта будзе дасягнутая і выбары ў нас будуць па партыйных спісах, тады толькі партыі стануць канкурэнтамі.
– Мы часта чуем пра аб’яднанне апазіцыі, але ці не варта было б аб’яднацца для пачатку хаця б сацыял-дэмакратам?
– Такія спробы ўжо рабіліся: гэтым займаўся і таленавіты журналіст Аляксей Кароль, і былы сябар нашай партыі, кіраўнік ТБМ Алег Трусаў, але ўсё ўпіралася ў нашыя «правыя» каштоўнасці, якімі мы не хацелі ахвяраваць нават дзеля аб’яднання: невядома, што яно прынясе і ці будзе наогул патрэбным…
– А людзям цяжка даводзіць, што вы сацыял-дэмакраты, але пры гэтым з «правымі» каштоўнасцямі?
– Сёння мы гэтага не даводзім з прычыны нізкай палітычнай культуры, …а мажліва вельмі высокага ўзроўню інтуіцыі ў людзей. Наш выбаршчык выдатна разумее, што не ад гэтага менавіта сёння залежыць вынік выбараў, усе партыі ён называе адным словам «апазіцыя» і правільна робіць. Тлумачыць асаблівасці і займацца назвай мы будзем пасля.
– На які перыяд прыпаў «залаты час» вашай партыі?
– Канешне, росквіт звязаны з пачаткам 90-х: «Грамада» фактычна была першай. Міхась Ткачоў тады прапанаваў Зянону Пазняку стварыць партыю, якая б дзейнічала ў межах шырокага Руху БНФ «Адраджэнне» (не блытаць з партыяй БНФ – аўт.). Ідэя была ў тым, каб прыцягнуць людзей, у тым ліку былых наменклатурнікаў, напалоханых абрэвіятурай «БНФ» да нейкага больш мяккага варыянту. Была свабода: прыходзілі выкладчыкі, прафесура, дэпутаты… Але чым больш пасля закручваліся гайкі, тым больш мы гублялі светлых галоваў са сваіх шэрагаў: людзі баяліся за сваю працу, за будучыню. Яны і зараз застаюцца нашымі прыхільнікамі, але адкрыта выказваць пазіцыю ўжо не рызыкуюць.
На досвітку “Грамады”
– Вяртаючыся да сённешніх рэалій: якая пазіцыя «Грамады» адносна выбараў?
– Наша пазіцыя была агучаная пасля Плошчы-2010 і з таго часу не змянілася: да той пары, пакуль у краіне будуць заставацца палітвязні, партыя ў выбарах не будзе ўдзельнічаць. Я не разумею, чаму мы маем змяняць пазіцыю, калі ўлада не пайшла ні на якія саступкі. У апазіцыі зараз няма нічога, каб супрацьпаставіць уладзе. Але нехта яшчэ спрабуе перамагчы, гуляючы па сцэнару ўлады, ідзе на выбары, чакаючы нейкіх саступак… Але саступкі робяцца толькі моцным, перад прасіцелямі ніхто не саступае.
Мы ўдзельнічаем у назіранні, бо гэта «вочы грамадства». Калі людзі маюць актыўную грамадскую пазіцыю, яны наўпрост маюць прыйсці, каб распавесці грамадству, што там робіцца.
Літаральна зараз, пакуль апазіцыя разважае, з’явіўся яшчэ адзін палітвязень – Андрэй Пачобут. Я калісці казаў сваім калегам: «А што, калі з-за вашай мяккацеласці ў краіне з’яіцца новы палітвязень?» Так і сталася.
– То бок вы стаіце на пазіцыях байкоту?
– Байкот было б зрабіць добра, але мы пакуль кажам пра ўдзел альбо няўдзел. Дэманстратыўны няўдзел – гэта ўжо нешта. Калі ж заяўляць аб байкоце – трэба мець для гэтага адпаведны рэсурс, чалавечы ў тым ліку, зноўку будуць рэпрэсіі. Канкрэтна нашу партыю гэта не ўзмоцніць – можа чыюсці і ўзмоцніць…
– Чаго баіцца ўлада на вашу думку?
– Мне здаецца, што ўлада зараз нічога не баіцца, а разам з тым па-троху баіцца ўсяго. Адной з небяспечных галінаў улада, прыкладам, лічыць апазіцыю, другой, напрыклад, МУС, дзе зараз ідуць незразумелыя перастаноўкі, трэцяй – чынавецкі апарат… Па тым, на каго найбольш скіраваныя рэпрэсіі мы можам бачыць – каго ўлада баіцца найперш. Пасадзілі Пачобута – значыць зачапіла вольнае слова ў журналістыцы, перад ім быў Бяляцкі – хвалююць праваабаронцы, перад ім былі рашучыя кандыдаты ў прэзідэнты і г.д.
Прамаўляе С.Шушкевіч. В.Сазонаў ля дзвярэй у прэзідыюме
Спаленне сцягу РФ пасля ганебнай дамовы 1999-га.
Фота аўтара (партрэт Сазонава) і з архіву Гарадзенскай БСДГ