Юрацішкі, Трабы, Гальшаны: падарожжа на траіх

| Без катэгорыі



Як з’явілася ідэя

Аднойчы мая знаёмая – мастацтвазнаўца Любоў Зорына, з якой мы пазнаеміліся на занятках беларускай мовай на курсах УЗВ, сказала, што ей вельмі хацелася бы наведаць Жупраны, што там вельмі прыгожы касцёл і маляўнічыя палотны на гістарычныя тэмы.

 

Гэтыя словы засталіся ў маей памяці, але чамусьці Жупранскі касцел ператварыўся ў Гервяцкі. Напэўна таму, што з некаторых часоў марыла пабачыць яго на самой справе, а не толькі на фотаздымках і таму, што абодва гэтыя касцёлы знаходзяцца побач з маей радзімай – Смаргоншчынай. У часы майго дзяцінства на Смаргоншчыне, як, зрэшты, і паўсюль большасць касцёлаў і цэркваў былі, у лепшым выпадку, ці зачынены, ці ператвораныя ў склады, а ў горшым – наогул разбураныя. Мы, дзеці, успрыймалі іх тады не як культавыя ці архітэктурныя аб’екты, а як проста гарадскія будынкі ці муры.

 

Пасля той размовы я прыйшла дадому, узяла мапу аўтамабільных дарог Гарадзеншчыны – і пачала планаваць маршрут. Ашмяны, Астравец, Гервяты, Міхалішкі, Жодзішкі, Смаргонь… Перагледзіла ў інтэрнэце інфармацыю аб гістарычных і культавых аб’ектах і захапілася ідэяй паглядзець на гэтыя цуды і заадно пабываць на радзіме…

 

І няхай маршрут атрымаўся ў выніку іншым – мы здзейснілі цікавае падарожжа, якое па колькасці эмоцый і ўражанняў нічым не саступае вандроўкам у экзатычныя мясціны за мяжой.


Глядзіце маршрут у большым памеры

 

… Калі ідэя паездкі яшчэ лунала ў паветры, вызначылася трэцяя ўдзельніца нашай групы – Тамара Захаркевіч, таксама слухачка УЗВ. І вось, дамовіўшыся папярэдне са смаргонскай журналісткай, вядомай паэткай і… жонкай майго аднакласніка Алай Клемянок пра начлег і параіўшыся з ксяндзом Паўлам Гедройцем з Галынкі пра тое, як сябе паводзіць, калі патрэбныя нам храмы будуць зачыненыя (мы ж запланавалі выезд на 9 мая) збіраемся ў дарогу.

 

   Маршрут вызначыўся такі: даязжаем па мінскай трасе да скрыжавання на Іўе – Наваградак, збочваем у бок Іўя і, не заязджаючы ў горад, накіроўваемся на Юрацішкі. Потым Трабы, Гальшаны. Ашмяны абмінаем і едзем да Жупран, затым Солы, Смаргонь. Вырашаем гаспадарчыя пытанні: паліва, харчаванне, час адпраўлення, места сустрэчы, хто за што адказвае і – у добры шлях!

 

Пачатак вандроўкі. Юрацішкі

Ранак 9 мая выдаўся прыгожым, ясным і цеплым, хоць напярэдадні дзень быў пахмурным і зімным. Да Іўя даехалі без прыпынкаў, а за горадам вырашылі зрабіць першы прывал – паснедаць. З’ехалі з шашы ў лес, разклалі ежу на капоце. Гарачая гарбата, кава… Сонейка свеціць, птушкі спяваюць, ўсе квітнее, палі з жоўтай сурэпкай удалечыні, амаль няма машын на шашы. Неверагоднае хараство!

 

Паехалі далей.

 

І вось першы пункт плана – мястэчка Юрацішкі. У нашых нататках запісана, што тут можна паглядзець самую старажытную ў Беларусі драўляную царкву Мікалая Цудатворца 1532 года, адбудаваную ў 1840 годзе, а таксама касцел Ператварэння Гасподня, пабудаваны ў стылі неаготыкі. Тут жа варта зірнуць на маёнтак Радкевічаў.

 

Здалек бачым высокі будынак касцёла і пад’язжаем да яго.

На ганку задняга ўвахода стаіць малады даволі хлопец буйной камплекцыі. Фатаграфуем касцёл, потым падыходзім да хлопца.

 

Высвятляецца, што гэта ксёндз Віталь! Ён падаўся нам вельмі песімістычным і флегматычным. Са скрухай у голасе кажа, што касцёл хаця і пабудаваны нядаўна, але ўжо развальваецца. На ганку ад прыступак адвальваюцца кускі цэменту, аблезныя сцены…

 

Кажа, што ў сярэдзіне нічога цікавага для нас няма… Ну мы і не сталі настойваць.

 

Непадалёк ад касцёла стаіць пусты пастамент. Ксёндз тлумачыць, што касцёл пабудаваны паміж помнікамі Леніну і Сталіну і пусты пастамент застаўся ад помніка Сталіну. Пытаем пра царкву. Ксёндз вельмі здзівіўся, што мы не ведаем пра тое, што яна згарэла ў лютым гэтага года…

  

Трабы: мястэчка з вялікай гісторыяй

Наш шлях ляжыць праз маляўнічыя далягляды. 16 км. Ад Юрацішак і ўжо Трабы. Крутая вуліца вядзе да касцёла – самага высокага будынку у пасёлку.

 

Пад’язжаем – храм зачынены. У навакольных хатах бабулькі апрацоўваюць градкі. Падыходзім да бліжэйшай хаты. У двары ля аўтамабіля стаіць мужчына  інтэлігентнага выгляду, размаўляе з жанчынамі, відаць, збіраецца ад’язжаць.

 

Вітаемся, тлумачым, што падарожнічаем і пытаем, калі бывае адчынены касцёл – вельмі хацелася б паглядзець на яго. Мужчына адразу дае заданне жанчыне адчыніць нам касцёл і пачынае распавядаць пра тое, калі і кім ён быў пабудаваны, пра яго гісторыю, пра тое, хто пахаваны каля яго сцен. Аказваецца , што мы падышлі якраз да ксяндза Віктара, які, адслужыўшы імшу, ужо збіраўся ад’язжаць.

 

Першы касцёл імя Нараджэння Маці Божай быў пабудаваны ў цэнтры Трабаў ў 1534 г. Цяперашні, цагляны касцел Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі будаваўся на працягу 1900 – 1905 гг. намаганнямі ксяндза Паўла Сухоцкага на месцы папярэдняга драўлянага храма. Каля ўвахода ў касцёл знаходзяцца магілы, а на сценах вісяць памятныя таблічкі, прысвечаныя ксяндзам-пакутнікам, якія загінулі ў час апошняй вайны.

Ёсць тут і таблічка, прысвечаная фундатару і будаўніку касцёла ксяндзу Сухоцкаму, які памёр у 1904 годзе ў 71 год.

 

Касцёл – помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны з жоўтай цэглы. Суровая і магічная двухвежавая архітэктурная кампазіцыя створана на прамавугольным плане з пяціграннай апсідай і невялікім трансептам. Выглядае вельмі маляўніча!

 

Жанчына адчыніла нам касцел. Заходзім. Уражанне моцнае – мы засталіся ўтрох у прыцемках у вялізарным касцёле.

Ксёндз Віктар дазволіў фатаграфаваць.

На развітанне жанчына падаравала нам лукавіцы лілеі. Так што цяпер ў нас будуць цвісці кветкі з Трабскага касцёла.

 

Само мястэчка Трабы мае вялікую гісторыю. Першыя згадкі пра яго сягаюць XV стагоддзя. Паводле падання, Трабы заснаваныя літоўскім князем Трабусам. У канцы 15-га стагодзя Трабы перайшлі ў валоданне ваяводы Альбрэхта Марцінавіча Гаштальда, унука княгіні Марыі Сямёнаўны Гальшанскай (дачкі Сямёна Трабскага). У 1543 годзе Трабы перайшлі ва ўласнасць вялікага князя Сігізмунда Старога, які падарыў Трабы свайму сыну Сігізмунду Другому Аўгусту. У Трабах знаходзілася каралеўская рэзідэнцыя.

 

Таксама ў мястэчку ёсць драўляная царква святых Пятра і Паўла і частка гаспадарчых пабудоў, якія захаваліся ад панскага маёнтка на ўскрайку вёскі на выезде ў Гальшаны.

Царква простай архітэктуры з чатырмя купалкамі і званіцай была пабудаваная з дрэва ў выглядзе карабля ў 1764 г., але ў 19 – 20 ст. істотна перабудавана. Іконастас з моранага дуба мы не бачылі, агароджа з бутавага камення надзейна ахоўвала будынак. Прыхажане, якія трапляюцца на нашым шляху, кажуць, што наведваюць гэты храм з радасцю.

 

Наступны прыпынак – Гальшаны

Перасякаем мяжу паміж Іўеўскім і Ашмянскім раёнамі і наперадзе на пагорку – Гальшаны. У цэнтры плошча. Толькі паспелі прыпаркавацца – пачуўся звон са званніцы. Поўдзень. На плошчы – велічны старажытны касцел, да яго прымыкае дзвюхпавярховая камяніца, а ля брамы званніца.

Гэты касцёл таксама зачынены, але мы ідзем у двор. Там працуе чалавек – сячэ дровы. Адразу прапануе нам затэлефанаваць да ксяндза. Неяк няемка турбаваць чалавека… Але з другога паверха прыбудовы – кляштара францысканцаў, ўжо выглядае ксёндз. Мы тлумачым, хто такія і з якой мэтай знаходзімся тут і праз хвілін 10, ксёндз Баляслаў у поўным уборы спускаецца да нас. Адчыняе касцёл і падрабязна распавядае пра яго.

 

Помнік архітэктуры барочны Францысканскі манастырскі комплекс пабудаваны Паўлам Стэфанам Сапегам ў пачатку 17 стагодзя на месцы кальвінскага сабора. Касцёл быў урачыста асвечаны 6 жніўня 1618 года ў імя св. Іаана Хрысціцеля і Іаана Евангеліста. Манахі каталіцкага ордэна жылі ў Гальшанах больш за 200 гадоў.

 

У фундатарскай капліцы знаходзілася мармуровае скульптурнае надмагілле Паўла Стэфана Сапегі ў позе спячага рыцара, у баявых даспехах, а таксама трох ягоных жонак у манаскай вопратцы з малітоўнікамі ў руках. З 1979 г. гэтыя скульптуры знаходзяцца ў музеі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай Акадэміі навук.

 

У 70-х гадах 18 ст. храм быў цалкам разабраны і на яго падмурку пабудавалі адноўлены будынак у барочным стылі. У 1810 г. была пабудавана каменная брама-званніца. Зроблены новы алтар. У такім выглядзе храм захаваўся да гэтага часу.

Але ўнутранае ўбранне касцёла вельмі пацярпела – у канцы 40-х і 50-я гады мінулага касцёл быў абрабаваны.

 

У 1947 г. сюды перавялі Вязынскі дзіцячы дом, пад які аддалі 2-х павярховую камяніцу, былы мужчынскі кляштар. Балюча было слухаць пра тое, як дзеці шпурлялі бутэлькамі ў старадаўнія іконы, выкарыстоўваючы іх у якасці мішэняў, а вартаўнікі палілі ўсё начыненне, каб сагрэцца. Потым, калі дзіцячы дом выехаў, касцёл быў зачынены. У 50-я – 80-я гады 20 ст. у касцёле месціўся склад мінеральных угнаенняў. Хімікаты пашкодзілі сцены і працягваюць разбураць кладку.

 

Некранутыя вандаламі і часам засталіся толькі фрэскі галоўнага алтара і бакавога нэфа. Сёння можна убачыць унікальныя роспісы 18 ст. – біблейскую сцэну хрышчэння Ісуса Хрыста ў Іярдане Іаанам Хрысціцелям з ілюзорным эфектам апсіднага паўкружжа і радавы герб Сапегаў. Засталіся 3 старажытныя абразы і крыж-распяцце, ўсё астатняе (іконы, начыненне, лаўкі) – больш сучаснае.

 

У 2007 – 2008 гадах на сродкі міністэрства культуры Польшчы была адноўлена фрэска галоўнага алтара. Рэстаўрацыйныя работы ў храме яшчэ патрэбныя.

 

Да касцёла прымыкае двухпавярховы  п-падобны будынак кляштару. На першым паверсе тут знаходзіліся кухня, пякарня, воскавая, трапезная. Наверсе былі кельі і бібліятэка. Першапачатковая планіроўка кляштару захавалася да нашых дзён. Большая частка манастырскіх будынкаў з 1983 года была занята плебаніяй і філіялам Нацыянальнага Мастацкага музея. У масіўных манастырскіх сценах праходзіла сістэма дымаходаў, якая дазваляла ацяпляць увесь будынак толькі ад трох камінаў. Захавалася паўночная вуглавая вежа, якую ў Гальшанах называюць “вежай прывідаў”. Тут з’яўляецца прывід-цень Белай панны.

 

Гальшаны да сярэдзіны 16 ст. былі ўласнасцю князеў Гальшанскіх. Тут нарадзілася Сафія Гальшанская, жонка вялікага князя і караля Ягайлы – родапачынальніца каралеўскага роду. Яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагодзя ў Гальшанах дзейнічалі 4 невялікія заводы, майстэрні, млын, сінагога, царква, касцёл, стаяў замак, квітнеў гандаль…

 

Ёсць легенда, што паміж Гальшанскім замкам, касцёлам і кляштарам існаваў падземны ход, у якім свабодна маглі размінуцца дзве фурманкі.

 

Калі мы ўжо сканчалі агляд касцёла, з’явіліся новыя наведвальнікі – ксёндз гарадзенскага Фарнага касцёлу Ян Кучынскі з трыма жанчынамі. Мы падзякавалі ксяндзу Баляславу і развіталіся.

 

Узрушаныя убачаным і пачутым, мы пайшлі ад плошчы ўніз да млына. Места здалося нам вельмі таямнічым, тым больш, што пра яго ходзяць чуткі, што ў паўналунне тут можна пачуць, як працуюць жорны і размовы мельніка з заказчыкамі. Гэта пры тым, што млын унутры пусты, а ўсё абсталяванне даўно вывезена. Любоў і Тамара спусціліся ўніз. З мосціка, дарэчы, адкрываецца цудоўная панарама!

 

Па дарозе да замка зайшлі ў царкву. Яна стаіць на прыгорку ўся такая блакітна-белая як воблачка.

 

У двары за агароджай касіў траву хударлявы малады мужчына. Аказалася што гэта сам айцец Уладзімір.

 

Ен распавеў нам пра царкву, пра іконы. Першы ўспамін пра праваслаўны храм ў Гальшанах датуецца 1280 г. Гэты храм праіснаваў да 14 ст. і знаходзіўся на тэрыторыі старога Гальшанскага замка. Потым царква перамясцілася бліжэй да рэчкі Гальшанкі. У 1865 годзе быў пабудаваны новы драўляны храм, а ў 1901 побач з ім – цагляны – у выглядзе крыжа. У царкве знаходзіцца ікона Святой праведнай дзевы Іюліяніі Альшанскай (сама яна пахавана ў Кіеўска-Пячэрскай лаўры) з часцінкай мошчаў і рэдкі спіс іконы Божай Маці “Баркалабаўскай”.

Гаварыць аб царкве і праваслаўі айцец Ўладзімір гатоў быў бясконца, але у нас быў абмежаваны час.

 

Па вуліцы Замкавай, якая, натуральна, вядзе да замка (а далей на Валожын), нельга прайсці міма трохяруснай каплічкі з драўлянай статуяй Іісуса, які нясе крыж. Яе паставілі ў сярэдзіне 19 ст.

 

Затым мы пад’ехалі да Гальшанскага замка, які быў узведзены ў16-17ст. на сродкі Паўла Стэфана Сапегі. Сучаснікі лічылі Гальшанскі замак самым прыгожым на тэрыторыі ВКЛ. Але замак часта мяняў гаспадароў, быў моцна пашкоджаны шведамі ў час Паўночнай вайны. У 1880 годзе ўладальнік замка пачаў узрываць яго сцены і вежы, каб з цэглы пабудаваць карчму. Працягвалі яго разбураць і ў 20-м ст., але і зараз яго руіны прывабліваюць шматлікіх многа наведвальнікаў і натхняюць пісьменнікаў (“Чорны замак Альшанскі” У.Караткевіча).

 

Дарэчы, мы пацікавіліся, колькі каштуе пакой у мясцовым гатэлі (знаходзіцца на плошчы, ў цэнтры) – аказалася, што ўсяго 40 тыс. У Гальшаны можна прыехаць на больш доўгі час, тым больш, што там можна паглядзець яшчэ шмат чаго цікавага. На выездзе з Гальшан у напрамку Ашмян стаіць вялікі камень у гонар 700-годзя мястэчка. Тут можна пабачыць цікавую забудову 30-х гадох 20 ст. галоўных вуліц мястэчка. На цэнтральнай плошчы стаіць камень-помнік Соф’і Гальшанскай, апошняй жонкі  Ягайлы, польскай каралевы, маці Ўладзіслава ІІІ і Казіміра Ягелончыка – яна тут нарадзілася.

 

Гальшаны цалкам можна назваць музеем пад адкрытым небам.

 

Працяг будзе

 

Фота аўтара