Пікнік.by: пякельная спёка і найлепшая музыка
Нягледзячы на недасканаласці, расчараваных фэстам не было. Новая галоўная музычная падзея Беларусі паўставала на нашых вачах.
У Пікніка няма яшчэ традыцый ды рытуальнай значнасці Басовішча, але хапае дзёрзкасці і маладой энергіі, каб усталёўваць новыя фестывальныя стандарты ў Беларусі. Там не прадаюць піва ды не выбіраюць лепшых сярод маладых гуртоў, але пануе дэмакратыя і кожны можа знайсці сабе цікавы занятак.
Пікнік – сапраўдае месца для адпачынку, дзе распарадку дня не ўсталёваюць спісы выступоўцаў. Пры ахвоце, можна было добра правесці час і не звяртаючы асаблівай увагі на сцэны. Ахвотныя маглі далучыцца да майстар-класаў па ёзе ці капаэйры (заняцца ёй спрабаваў Ілля Чарапко-Самахвалаў з гурта “Кассиопея”), згуляць у гіганцкія шахматы, паглядзець здымкі з конкурса Прэс-фота Беларусі з апошніх трох год або проста адпачыць на гарачым сонейку ці ў цяньку, калі ўдавалася яго знайсці. Бліжэй ночы рэлакс забяспечвала Кальянная №1, а эмоцыі – прагляд фінала Еўра-2012.
Музычная частка была прадстаўленая ажно на дзвюх сцэнах: галоўная ад клуба Графіці і дадатковая ад “Тузіна Гітоў”. На абодвух здараліся цікавыя нечаканасці: музыкі з “Нагуаля” зайгралі праграму Malanka Orchestra, а сярод кампазіцый гута “Черчилль” (RockerJoker у пашыраным складзе) быў нават кавер на J:Морс. На жаль, “тузінаўскую” сцэну час ад часу, асабліва пры больш ціхіх гуртах, перабівалі гукі з асноўнай сцэны. І, калі Аляксандра Памідорава заглушыць наўрадці хтосці бы здолеў (а ўжо дакладна не Akute), дык “Людзям на балоце” было ў гэтым плане складана змагацца з гуртом “Красные звезды”. Паміж музыкамі на малой сцэне перыядычна з’яўляліся паэты, якімі кіраваў самы галоўны вершастваральнік Беларусі Андрэй Хадановіч.
Вершы выклікалі даволі млявую рэакцыю публікі, якой на фэсце было вельмі шмат. Даволі буйное намётавае мястэчка ад пачатку раздзялілася на тры часткі, але сапраўдным доказам вялікай колькасці ўдзельнікаў была перадусім стаянка для аўтамабіляў – машынамі з Шабляў можна было б лёгка заняць ці не ўсю гарадзенскую плошчу Леніна.
Адметнасць Пікніка – прысутнасць мноства сем’яў з дзецьмі. Атмасфера праз гэта рабілася нават не тое, каб утульная і сяброўская, але адным словам – сямейная. Цешыла таксама абсалютна мінімальная прысутнасць міліцыі.
Прыемнае ўражанне не псавалі ні пякельная спёка, ні нават вар’яцкія кошты на некаторыя прадукты (10 тысяч за 0,5 літраў вады!) ды нечаканыя змены ў праграме. Гэтак, Chiefs Band, не дачакаўшыся свайго выступу, з’ехалі ратаваць сумнаваты джаз-фэст у Гродне (адкуль родам іх гітарыст Павел Трыпуць). Туды ж накіраваўся “Князь Мышкін”, адыграўшы свой сэт яшчэ перад афіцыйным адкрыццём фэсту.
Гэта быў бы не беларускі фэст, каб не было спазненняў у праграме. Пасля 23 гадзін арганізатары былі вымушаныя хутка зняць са сцэны “Серебряную Свадьбу” ды адмовіць у выступе гурту Pawa ды Diamos Roll’у з Русяй. Інакш міліцыя магла б стаць значна менш прыязнай.
Пікнік.by можна смела пачаць называць галоўным музычным фэстам Беларусі. Роля, якую калісці выконваў падляшскі Гарадок – традыцыйнае месца правядзення Басовішча, цяпер заслужана можа перайсці Шаблям. Тут абавязкова сустрэнеш сяброў і знаёмых, якіх звычайна бачыш раз ці два ў год, тут на кожным кроку – вядомыя блогеры, фатографы ці якія іншыя культурныя дзеячы. Тут можна паслухаць амаль усе цікавыя і модныя гурты апошніх сезонаў.
Спадзяюся, на наступны фэст будуць запрошаныя таксама англамоўныя каманды ды арганізатары паклапоцяцца, каб кожны гурт паспеў выступіць. Тады мы дакладна сустрэнемся ў Шаблях яшчэ раз.
Пікнік.by VS Басовішча 2012: куды лепш падацца?
Здымкі аўтара і Іны Севярын