Дзіцячыя гульні ў дарослае жыццё: пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў пачаў працу «моладзевы парламент»

|

Як сцвярджаюць ва ўпраўленні ідэалагічнай працы аблвыканкама, выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах, «максімальна набліжаных да рэальных выбараў»: фармаваліся спісы выбаршчыкаў і выбарчых камісій, рыхтаваліся кабінкі для тайнага галасавання. Будучыя «парламентарыі» прадстаўлялі свае перадвыбарныя праграмы, праводзілі агітацыйную работу, працавалі групы падтрымкі.

Былі зарэгістраваныя 227 кандыдатаў у дэпутаты, а ў якасці выбаршчыкаў выступілі больш за 24 тыс. школьнікаў.

Намеры ва ўдзельнікаў «моладзевага парламента» самыя стваральныя: стварэнне спецыяльных груп для абмеркавання гарадскіх праблем у сацыяльных сетках, удасканаленне прававога поля моладзевай палітыкі …

Наколькі падобныя гульні ў дарослае жыццё паўплываюць на «ўдасканаленне прававога поля» можна толькі здагадвацца. Бо не выпадкова «моладзевы парламент» пачаў працу напярэдадні дарослых парламенцкіх выбараў: чарговы (прычым, абсалютна бяскрыўдны для ўнутранай палітыкі) рэверанс у бок грамадства. Небяскрыўднае іншае – дэзарыентацыя дзяцей, якія ні сном ні духам не ведаюць, наколькі адрозніваецца іх ўяўленне аб выбарах ад сапраўднай выбарнай карціны ў роднай айчыне.

Дарэчы, выбары моладзевых парламентаў сталі вельмі папулярныя ў суседняй Расеі, і чым менш там становіцца дэмакратыі, чым больш махаюць дубінкамі на дэманстрацыях пратэсту, тым больш інтэнсіўна культывуюцца рознага роду палітычныя цацкі для дзяцей.

 З выкарыстаннем інфармацыі БелТА