«Клоны» як выклік грамадству

Выстава мастака пад такой назвай адчынілася 6 ліпеня ў гарадзенскай галерэі «Крыга».

 

Па словах Марыі Мацко, дырэктаркі галерэі (на здымку ў цэнтры), мастак прадставіў гледачу тое, чаго не раскрываў яшчэ ніхто – праблему кланавання і гэта вельмі сімвалічна.

 

Цікавым момантам адкрыцця сімвалічнай выставы стала тое, што яе адкрывалі не мастацтвазнаўцы, а вуніяцкі святар Андрэй Крот (на здымку вышэй злева).

 

«Працы спадара Сяргея самі за сябе гавораць – самі прамаўляюць і паказваюць тую думку, што кожны чалавек хоча быць унікальным, кожны з нас хоча быць адзіным. І праблема кланавання, якая, здавалася б, ад нас такая далёкая. Ніхто ў Гародні пакуль нікога не скланаваў, але невядома, якім чынам будзе ісці гэты «прагрэс».

 

Я не лічу гэта сапраўдным прагрэсам. Кланаванне супярэчыць таму, што мы хочам заставацца адзінымі. Калі мы сапраўды кахаем чалавека, а не штуку, якую можна аднавіць, пайсці ў краму і замовіць – то мы прымем нават смерць любімага чалавека. Зрэшты кожды з вас не хацеў бы апынуцца на месцы гэтага клона. Працы спадара Сяргея адкрылі для мяне гэтую праўду, якая паказвае, што кожны з нас павінен цаніць сябе, свайго блізкага і не паддавацца духу нейкага песімізму і мадэрнізму ў дрэнным значэнні гэтых словаў”.

 

Спадар Грыневіч (на здымку) распавёў пра небяспеку кланавання і распавёў пра свае карціны з Чарлі Чаплінам.

 

– Чарлі Чаплін быў артыст найвышэйшага ўзроўню і цяжка ацаніць ягоны ўнёсак у сусветнае мастацтва. У 1939-м годзе ў Амерыцы быў конкурс на лепшага Чарлі Чапліна, і ён інкогніта ў ім удзельнічаў і заняў толькі 3-е ганаровае месца. Ён пазіцыянаваў сябе блазнам….

 

Пасля выхада фільма «Дыктатар» Чаплін стаў асабістым ворагам Гітлера, бо такія дыктатары, як Гітлер – яны не маглі пры сабе мець блазна, які б з’яўляўся рупарам народнага меркавання.»

 

Лепшай падзякай мастаку будзе тое, што гледачы самыя прыйдуць на выставу і пабачаць яго творы.

 

Фота аўтара