Як бы прадзед не аказаўся сэксотам…

|

– Шмат каго зараз прываблівае магчымасць скласці свой радавод на аснове архіўных дакумантаў. Што для гэтага патрэбна?

– Вы можаце прыйсці да нас і замовіць даследванне – гэта не танна, але беларусам танней, чым замежнікам. Можна, канешне, працаваць і самастойна, але трэба ўлічваць, што большасць метрычных кнігаў пісалася на рукапіснай польскай мове, чытаць яе не так проста. У такім выпадку вам трэба прыйсці да дырэктара, напісаць заяву аб тым, што хочаце працаваць самастойна, і аплаціць неабходную колькасць кансультацыяў. Нагадаю, што у гарадскім архіве (пл. Тызенгаўза) знаходзяцца дакуманты Гарадзенскай губерні да 1917 г., рэшта месціцца ў абласным архіве (вул. Дзяржынскага, 84).

 

– Што чалавек мае ведаць перад пачаткам працы?

– Важна ведаць дзе нарадзіліся вашыя продкі, дзе прымалі хрост: у якім касцёле ці ў якой царкве. Бо метрычныя кнігі, якія там вяліся – гэта аснова генеалагічных даследванняў: там фіксавалася нараджэнне, шлюб і смерць. Трэба таксама ведаць дзявочыя прозвішчы сваіх бабуляў і прабабуляў: нараджаліся ж яны пад дзявочымі, а людзі ўжо пры пошуках часам пішуць прозвішчы па мужу.

 

Гарадскі архіў на плошчы Тызенгаўза захоўвае дакуманты Гарадзенскай губерні да 1917 г.


– Колькі каштуюць паслугі архіва?

– Адзін генеалагічны запыт, то бок, магчымасць даведацца дату нараджэння альбо смерці каштуе каля 100 тысяч. Родныя брат і сястра могуць праходзіць адным запытам і каштаваць столькі ж, муж і жонка, напрыклад, ужо розныя запыты. Кошт цэлай генеалагічнай лініі будзе залежыць ад колькасці матэрыялу, знойдзенага намі. Магу сказаць толькі, што сума не будзе перавышаць 3 мільёны. Гэта кошты для беларусаў.

 

– Ці звяртаюцца да вас з-за мяжы?

– Так, звяртаюцца не толькі беларусы, але і жыхары Ізраіля, ЗША, Аўстраліі, нават Венесуэлы. У асноўным гэта, канешне, габрэі, продкі якіх паходзілі з нашай тэрыторыі. З Польшчы часам звяртаюцца нашчадкі шляхецкіх родаў. Прыязджаць ім усім неабавязкова – усё робіцца праз пошту. Бывае, прыязджаюць спецыяльна платныя даследчыкі з канкрэтнай замовай – знайсці нейкую сям’ю. Так нядаўна прыязджаў даследчык з Масквы, які спецыялізуецца па габрэйскіх радаводах.

 

– Як доўга ў вас апрацоўваецца запыт?

– Генеалагічныя даследаванні, замоўленыя архіву, у нас ляжаць у скрыні недзе на год наперад.  Попыт вялікі, але, акрамя гэтага, мы маем сваю планавую працу, таму існуе чарга. Пускаюцца у ход толькі тыя запыты, за якія маецца перадаплата: з архіва чалавеку пасылаецца нумар рахунку, на які ён павінен пакласці суму. Даследаванне доўжыцца да трох месяцаў, біяграфія – два тыдні. Як правіла, біяграфічныя запыты апрацоўваюцца вельмі хутка.

 

– Кур’ёзныя выпадкі трапляюцца ў вашай працы?

– За 5 год, якія я працую ў архіве, попыт на інфармацыю аб радаводзе сярод людзей толькі павялічваецца, ну і, вядома, трапляюцца розныя арыгінальныя гісторыі. Напрыклад, рабілі нам запыт аб адным святары, а ён аказаўся… як бы гэта прыгажэй сказаць: сэксотам, працаваў для царскай «ахранкі». Вось такі сюрпрыз для сям’і.

Часам людзі прыходзяць, каб даведацца нацыянальнасць сваіх продкаў. Мы тлумачым: нацыянальнасць у метрычных кнігах не пісалася, толькі веравызнанне: рыма-каталік альбо праваслаўны.  Аднаго разу зайшоў дзядзька з такім жа пытаннем і, пачуўшы нашы довады, перапытвае: «А рыма-каталік – гэта італьянец?». Такія вось мілыя моманты. 

На верхнім здымку: Наталля Дзянісава, вядучы навуковы супрацоўнік Гарадзенскага архіву

Фота аўтара