З. Бандарчук: «Не важна на якія грошы казаць праўду»
На нашы пытанні пагадзіўся адказаць каардынатар кампаніі па Гродна і вобласці Зміцер Бандарчук.
– Кампанія «ГП» звычайна асацыюецца з выбарамі 2010 году, падчас якіх яна падтрымала кандыдата Някляева. Пасля выбараў вы працягнулі сваю дзейнасць?
– Праўду заўжды гаварылі і гаварыць будуць, незалежна ад выбараў (смяецца). Так, самая яскравая старонка з гісторыі кампаніі – мінулыя прэзідэнцкія выбары. Пры гэтым зараз мы маем не меншыя перспектывы, спыняцца не збіраемся.
Збор подпісаў у Слоніме
– Чым вы зараз займаецеся?
– Безумоўна рыхтуемся да парламенцкай кампаніі. Як раней, так і зараз, мы працуем з людзьмі, бо толькі людзі могуць тут нешта змяніць – ад нас залежыць лёс краіны, а не ад Захада ці Масквы.
– Наконт Масквы: яшчэ з выбараў за кампаніяй цягнецца шлейф чутак аб тым, што нібыта «ГП» кіруе Масква, якая і дае рэсурсы на дзейнасць. Як вы да гэтага ставіцеся?
– Што да грошаў, то я нават не ведаю чалавека, які б адказаў на пытанне: «Адкуль грошы у ГП?», тым больш не ведаю сам. Мяне гэта наогул не цікавіць: не важна на якія грошы казаць праўду, рабіць нешта на карысць праўды ў Беларусі. На сёння беларускія дзярж-органы таксама карыстаюцца дапамогай заходніх донараў.
Бурлівы 2010 у Гродне
– Але той, хто дае грошы, заўжды нешта патрабуе…
– Ад мяне ніхто нічога не патрабуе. Я раблю толькі тое, што лічу мэтазгодным.
– Беларусы больш звыклыя да традыцыйных партыяў і арганізацыяў са з’ездамі, фіксаванай колькасцю сяброў, рэзалюцыямі. Што вы персанальна ўкладаеце ў паняцце «кампанія»?
– Кампанія – гэта аб’яднанне людзей па інтарэсах, тых, хто хоча вырашаць свае праблемы. Напэўна гэта часовая структура. З часам хіба спатрэбіцца пераходзіць у форму партыі, каб вырашаць праблемы беларусаў на палітычным полі, каб змагацца за парламенцкія месцы, каб было прасцей вылучаць сваіх кандыдатаў у прэзідэнты. На сёння партыйнае жыццё не дае аніякіх плюсаў, больш нават мінусаў. Магчыма, гэты негатыў да партыяў у людзей застаўся яшчэ з савецкіх часоў, магчыма, СМІ дзяржаўныя папрацавалі…
align=”” >
А.Фядута перадае прэмію «За свабоду думкі» ад Ул.Някляева М.Мельнікаву – стваральніку музея Быкава ў Гародні
– У «ГП» у свой час пайшло багата актывістаў з розных ужо існуючых партыяў і арганізацыяў. З чым гэта звязана?
– Гэты працэс працягваецца і зараз. Галоўнае нават не тое, што людзям прапанавалі нешта за іх дзеянні, галоўнае – што ім прапанавалі рэальную стратэгію, рэальную працу. Было сказана, што не трэба чакаць розных кааліцыяў ды з’ездаў – трэба наўпрост выходзіць і працаваць з людзьмі. Чаму столькі людзей падтрымала «ГП» у рэгіёнах? Бо тут людзі разумеюць, што трэба працаваць на першым узроўні, а не на нейкіх офісах як у Менску – там ужо даўно нічога не вырашаецца.
Увекавечанне памяці Быкава – адно з прынцыповых пытанняў для Гарадзенскай ГП. Шыльда каля дома, дзе жыў пісьменнік
– Наколькі нам вядома, вы часова зышлі з партыі АГП, чаму?
– Я паважаю пазіцыю партыі, але вырашыў удзельнічаць у выбарах, і каб пасля партыю не папракалі, што яе кандыдаты ідуць да канца, а не здымаюцца згодна партыйнаму рашэнню, я часова выйшоў з АГП. Гэта нармальна, я лічу.
– Як «ГП» ставіцца да парламенскіх выбараў?
– Мы на 100 % разумеем, што выбараў няма, але ў Беларусі ёсць перыяд, які называецца «парламенцкая кампанія», перыяд, у які мы пачынаем жыць па заканадаўстве «аб выбарах». У гэты час значна прасцей ісці на размовы з людзьмі, бо людзі будуць чакаць гэтых размоваў. Часам прыходзіш да людзей у межвыбарчы час і просіш што-небудзь падпісаць, яны пытаюцца: «Гэта што – выбары?». Ты кажаш: «Не, але давайце падымем праблему…». У такіх выпадках людзі звычайна адмаўляюцца. А зараз людзі будуць акурат чакаць, каб паразмаўляць аб «набалелым».
– Сэнс кампаніі – паразмаўляць з людзьмі?
– «ГП» ставіць вельмі канкрэтныя мэты перад сабой: гэта пошук людзей, якія самі маглі б вырашаць праблемы. Галоўнае – гэта колькасць людзей, якія даведаюцца аб «ГП», падтрымаюць, актывізуюцца.
Актыў ГП падчас прэзідэнцкай кампаніі-2010
– Вы ідзеце кандыдатам?
– Так, прыйдзецца.
– Якія праблемы ў сваёй праграме будзеце падымаць?
– Адно з галоўных – пытанне выбарнасці мясцовага кіраўніцтва (мэраў, губернатараў, кіраўнікоў адміністрацыяў). Мы вось кажам, што жывем у Саюзнай дзяржаве, маем Мытны саюз, але ва ўсіх нашых саюзнікаў дадзеныя пасады з’яўляюцца выбарнымі. Менавіта праз выбарнасць насельніцтва зможа кантраляваць мясцовыя ўлады.
Другое – гэта пытанне гарантаванай страхоўкі для банкаўскіх укладанняў. Мы не кажам пра вяртанне савецкіх укладанняў, толькі пра сённяшні момант. МММ была палічана пірамідай і разагнаная, хаця яе арганізатары ніколі не адмаўлялі, што гэта піраміда. Па сутнасці мы зараз маем тое самае з беларускімі банкамі – там такая ж піраміда, якая раз на 3-4 гады абвальваецца, але ніхто адказнасці за гэта не нясе. Калі пытанне падымецца на дзяржаўны ўзровень, думаю, магчыма будзе нешта змяніць.
– Наша дзяжурнае пытанне: чаго баяцца беларускія ўлады?
– Толькі аднаго: страціць сваю ўладу. Галоўны сэнс іх існавання – захаванне ўлады. Калі ў нас вырашаюцца сацыяльныя пытанні, падымаюцца заробкі, усё, што робіцца імі – робіцца для захавання ўлады.
«Дасье ТС»:
Бандарчук Зміцер, нар. у 1980 г. у Ашмянах, пасля чаго бацькі пераехалі ў Гродна. Скончыў юрыдычны факультэт ГрДзУ імяЯнкі Купалы ў 2002 г., служыў у войсках СПА, працаваў у банкаўскай сферы ды ў прыватных фірмах. З 2006 г. сябар АГП, з 2010 – каардынатар кампаніі «Гавары Праўду» на Гарадзеншчыне.
Фота аўтара (партрэт) і з архіву ГП