Што хаваецца за простай усмешкай?

На турыстычны злёт маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, якія наведваюць аддзяленні дзённага знаходжання  Гродзенскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  я трапіла выпадкова. Ваенна-гістарычны клуб «Гарадзенскі Двузуб» запрасілі туды выступіць у якасці сюрпрыза для ўдзельнікаў, а я паехала фатаграфаваць. І адразу трапіла ў неімаверную атмасферу нейкага простага і легкага шчасця.

 

У лесапарку Пышкі адбываліся, на першы погляд, занадта простыя для дарослых, камандныя спартовыя спаборніцтвы. Толькі прыглядзеўшыся, можна было заўважыць, што не ўсім даюцца гэтыя практыкаванні. Тады, з мацярынскай апекай і клопатам, валанцёры  бадзёра дапамагалі сваім падапечным.

 

Атмасфера на сонечнай палянцы лесапарку выглядала лёгкай і нязмушанай, але заўважна было і тое, наколькі ўсё ж такі цяжка працаваць з гэтымі асаблівымі людзьмі. Аб чым і распавядала мне загадчыца адзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна (АДЗІ ЦСАН) Швец Аляксандра Васільеўна:

 

Калі мы пачыналі працаваць, да нас шмат хто прыходзіў з настаўнікаў. Казалі: я магу і гэта рабіць, і тое. Але мала рабіць, трэба ведаць, як працаваць з гэткімі людзьмі, адчуваць, бо тут бываюць і абвастрэнні, і праблемы ў сацыялізацыі ды ўзаемаадносінах. Бывае, вясною і ў клініках лякуюцца. Гэта сапраўды цяжкі і адданы труд.

Зараз у нас працуе шэсць гурткоў, сярод якіх асобна можна адзначыць тэатральна-музычны праект «Вясёлка», у рамках якога хлопцы і дзяўчаты рыхтуюць  канцэртныя нумары ды прадстаўленні. З німі ж ездзяць на розныя конкурсы і выступенні.

 

…Мы ідзем па чыстых і ўтульных калідорах Цэнтру. Я дзіўлюся вялікай колькасці хэндмэйд-вырабаў, якасных і густоўных. Усе яны зробленыя рукамі маладых людзей. Дааформіць усё дапамагалі спецыялісты цэнтру.

 

Аляксандра Васільеўна працягвае:

У нас займаецца 50 чалавек. Гэта ўжо такая крытычная цыфра. І ёсць яшчэ жадаючыя. Маладыя людзі вучацца вышываць, шыць, нешта рабіць рукамі. Узровень прац розны  – усё залежыць ад магчымасцяў канкрэтнага чалавека. Хтосьці можа выйсці на нейкі новы ўзровень, а нехта – не. Нажаль, з гэтым нічога не зробіш. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы ў нас ёсць сучасныя трэнажоры, неабходныя для рэабілітацыі, кабінет псіхалагічнай разгрузкі.

 

…Спартовая зала, пакой для рэлаксацыі, швейныя майстэрні, кампутарны клас, светлыя пакоі для рукадзелля. Апошняе вельмі важнае для гэткіх людзей, бо мелкая маторыка спрыяе развіццю мозга. Так лічаць вучоныя. Улічваючы, што шмат хто з навучэнцаў – гэта назаўсёды вялікія дзеці. А для іх вельмі важна адчуць сябе роўнымі і  патрэбнымі. Для гэтага і праводзіўся турыстычны слёт, у якім  прымалі ўдзел выхаванцы адзяленняў дзённага знаходжання  інвалідаў з Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада, а таксама Гродзенскага раёна.

 

Падчас яго яны змаглі пазнаёміцца адзін з адным. Як і для любога іншага, чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі здароўя вельмі патрэбна і падтрымка, і стасункі з іншымі людзьмі, і размовы ды простая сяброўская атмасфера. Якая на злёце сапраўды адчувалася. Пакуль дзеці, перацягвалі канат ды глядзелі на выступ кінолагаў з сабакамі, бацькі сядзелі ў баку, трохі стомленныя. Прапанавалі нам зелкавую гарбату ў імправізаваным фітабары. Гарбата была духмяная і смачная.

 

Цікаўлюся, што хвалюе іх. Простыя, здавалася б рэчы.Адсутнасць пандусаў, зараз з німі стала значна лягчэй, кажуць, аднак не ва ўсе патрэбныя будынкі завязеш інвалідны вазок.  А таксама развіццё, навучанне дзяцей і іх сацыялізацыя ў грамадстве. Такія цэнтры, канешне, граюць вялікую ролю ў падрыхтоўцы маладых людзей да самастойнага жыцця, аднак акрамя іх у нашым горадзе больш нічога і няма.

 

А пакуль, не задумваючыся, а можа і не ведаючы пра праблемы, юнакі разам спявалі турыстычныя песні і вучыліся раскладаць намёты.

 Фота аўтара