Літаратурныя навінкі ў гарадзенскіх кнігарнях

Хто такая загадкавая спадарыня Эл, якой прысвечана кніга, названая антыгламурным раманам? На гэтае пытанне аўтар адказвае так:

– Спадарыню Эл ідэальнай беларускай ніяк не назавеш. Гэты сацыяльны тып узнік на мяжы XX і XXI стагоддзяў… І яны даволі прыкметныя, гэтыя глянцавітыя кветкі «салодкага» гламуру і порсткага капіталізму.

 

«Кніга для спадарыні Эл» арыгінальна ўпарадкавана і ў першую чаргу жанрава. Ад першай да апошняй старонкі кнігу яднае аўтарскі стыль». Пятнаццатую ў творчай біяграфіі, аўтар  называе кнігу найважнейшай для сябе.

 

Паэт і бард Эдуард Акулін  адзначае, што ў «Кнізе для спадарыні Эл» адкрыў для сябе тры блізкія яго эстэтычнаму веравызнанню думкі:

– Тое, што шлях сапраўднага мужчыны пачынаецца ад Дон Жуана і заканчваецца Дон Кіхотам, а не наадварот. Тое, што паэзія – гэта рэлігія для тых, хто не ездзіць на мэрсэдэсах. І тое, што не думаючы пра жанчыну, мы ўсё адно думаем пра яе. Гэта, як, не думаючы пра бога, жыць з богам ў душы.

 

Акулін таксама дадае: «Для мяне асабіста важным крытэрыем пасля прачытання любой кнігі з’яўляецца тое, ці запамінаецца яна. «Кніга для спадарыні Эл» Леаніда Дранько-Майсюка – запамінальная, яркая, таленавітая. Я думаю, што пасля яе выхаду многія радкі з яе будуць узяты на цытаты».

 

***

 

align=”left” >Два раманы  кнігі Людмілы Рублеўскай – «Сутарэнні Ромула» і «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» яднае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, дзеянне ў абодвух раманах адбываецца ў сучаснасці і мінулым.

 

Муж пісьменніцы паэт Віктар Шніп, першачытач усіх яе тэкстаў, расказаў пра тое, як спадарыня Людміла працуе над сваімі раманамі: «Яна калі піша, то перажывае лёсы герояў. Яна жыхар XV, XVI, XVII стагоддзя. Піша пра тое, чаго няма, але потым гэта знаходзяць, як напраклад, полацкія скляпенні».

 

Прозу Людміла Рублеўская пісала яшчэ ў школе, і дагэтуль у сям’і захоўваюцца сшыткі з аповесцямі, напісанымі ёй у 14-15 гадоў.

 

На пытанне пра пошук сюжэтаў для кніг пісьменніца адказвае, што беларуская гісторыя – гэта скарбніца, з якой можна браць сюжэты і для сусветнай літаратуры. За кожным героем рамана «Забіць нягодніка, альбо гульня ў Альбарутэнію» стаіць рэальны чалавек.

 

Часам сюжэты нараджаюцца з побыту. Аднойчы калега параіла Людміле Рублеўскай схадзіць ў музей, бо там нібыта выстаўляецца партрэт Веранікі, дачкі пісьменніцы. Людміла і Вераніка наведалі музей, дзе сапраўды пабачылі партрэт шляхцянкі Патоцкай, як дзве кроплі вады падобнай да Веранікі. Калі сталі прыдумляць тлумачэнні, то згадалі, што Шніпы былі ўпраўляючымі ў Патоцкіх – так нарадзіўся сюжэт для рамана «Сутарэнні Ромула».

Проза Людмілы Рублеўскай — гэта захапляльная інтрыга і псіхалагічная глыбіня, віртуознае спляценне характараў, падзей, гістарычных фактаў і эпох.

 

У кнізе «Сутарэнні Ромула» вы прачытаеце пра тое, як трапіў прафесар Валерыян Скаловіч з засценкаў НКВД 1937-га года ў дом ля Кальварыйскіх могілак 2000-га і ключом да якой старажытнай таямніцы з’яўляецца рассечаны напалам срэбны кубак. У адначасова жорсткай і дасціпнай, рамантычнай і фантастычнай прозе пісьменніцы вас чакаюць падарожжы ў часе, дэтэктыўныя расследванні, каханне, дзеля якога варта памерці, і запаветная краіна Альбарутэнія. Чытач будзе смяяцца і плакаць над неверагоднымі лёсамі герояў, якія спрабуюць захаваць чалавечую годнасць і вернасць Альбарутэніі сярод найгоршых пакутаў і выпрабаванняў.

 

Кнігі выйшлі ў папулярнай серыі «Кнігарня пісьменніка» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Навінкі можна купіць у кнігарні па адрасе вул. Сав.Пагранічнікаў 96.