Пень – як сімвал сучаснай рэканструкцыі
Рэканструкцыю гарадзенскага вакзала плануюць завяршыць гэтай восенню. Абяцаюць і цёплыя палы, і інтэрнэт-кавярні і гатэль… А на прывакзальнай плошчы – вялікую аўтастаянку. Але ці будзе там месца дрэвам? Некалькі дзён таму на вуліцы Ажэшка, як раз там, дзе рамантуюць прывакзальныя дамы, былі высечаны два каштаны. Хтосьці можа сказаць – ну, што там гэтыя дрэвы? Усяго ж два! Але тут трэба сказаць, што вуліца Ажэшкі, як і далей – Савецкая – на некаторых, дастаткова вялікіх участках, нагадвае пустэльню. А ў гарачыя летнія дні – дык і не вельмі гасцінную.
Каштаны…
…і іх аголеныя карані
Але вернемся да прывакзальнай плошчы. Хопіць мімалётнага позірку, каб адзначыць, што ў часе пашырэння дарогі былі пашкоджаны карані амаль усіх каштанаў па вуліцы Будзённага. На жаль, праз пэўны час лісце іх пачне жаўцець і яны павысыхаюць. І з чыстым сумленнем іх спілуюць. Пашкоджана і кустоў’е, якое высаджвалі некалькі год таму, падчас уладкавання тэрыторыі.
Пні і трубы – прыкметы будоўлі
Ці будуць высаджаныя новыя дрэвы? У «Гродназелянбудзе» адказалі, што за пасадку новых дрэваў адказвае тое прадпрыемства, што і праводзіць рэканструкцыю плошчы ды будынкаў. Яно дасылае заяўку на азеляненне, а ўжо супрацоўнікі «Гродназелянбуда» распрацоўваюць праектную дакументацыю для зяленых насаджэнняў, праводзяць вышукальныя працы і работы па захаванню дрэваў, якія трапляюццца на тэрыторыі будоўлі, займаюцца падрыхтоўкай самой тэрыторыі і глебы. Аднак толькі пасля пададзенай заяўкі.
Што тычыцца тэрыторыі вакол вакзала, то такую заяўку пакуль ніхто не падваў. І пытанне застаецца адкрытым.