Нашыя ў амерыканскім войску
Аднак у Амерыцы з 70-х гадоў – гэта нармальная з’ява. Нягледзячы на тое, што з кожным годам, як кажуць, усё цяжэй і цяжэй знайсці навабранцаў, конкурс усё ж такі існуе.
align=”left” >Максім з Гродна. Пражыў тут амаль усё сваё жыццё. І ў 2008 годзе легальна эміграваў у Амерыку. Пашчасціла? Можа быць.
А ў верасні 2010 года ўжо накіроўваўся на курс маладога байца ў форт Бэнінг, штат Джорджыя. Выпадкова? Не. Асэнсаваны выбар. А вось сапраўды пашчасціла, як кажа Максім, трапіць у 10-ю горную дывізыю, якая месціцца ў акрузе Джэфферсан, штат Нью-Ёрк. Узброеныя сілы ЗША налічваюць каля трох мільёнаў чалавек. Гэта ўключаючы ўсе актыўныя і рэзервовыя падраздзяленні. Сюды ўваходзяць уласна ваенныя ды так званая падтрымка – павары, клеркі, інжынеры, кіроўцы.
Аб тым, як служыцца ў амерыканскім войску гарадзенцу, аб асаблівасцях, уставе, унутраных узаемаадносінах і распавёў мне Максім.
– Рашэнне служыць прыйшло само па сабе, вечна быць прадаўцом або грузчыкам неяк не хацелася, а служба дае магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі, лепшай працы, некаторых прывілеяў ў грамадстве ды, нарэшце, проста павагу. Для таго, каб паступіць на службу, трэба быць легальным імігрантам, здаць пісьмовы і фізкультурныя тэсты ды прайсці медагляд. Усе гэтыя этапы вырашаюцца прыкладна за месяц, але ёсць паняцце чаргі КМБ (курс маладога байца – аўт.).Таму што навучальных цэнтраў на ўсю Амерыку толькі пяць. А для пехоты – дык увогуле адзін.
– А што прадстаўляе сабой курс маладога байца? Ці гэта ўжо служба ў войску?
– Не зусім. Галоўная задача – падрыхтаваць чалавека да службы, 14-16 тыдняў ператвараюць вас з грамадзянскай асобы ў салдата з мінімальным багажом ведаў. Я не ведаю пра іншыя прафесіі, кажу пра асабісты вопыт. Рыхтуюць вельмі хутка і ўмела – строгі графік і поўны кантроль. Робяць сваю справу рашуча – найменшая памылка караецца добрай фізічнай нагрузкай. Пра КМБ напісана вельмі шмат артыкулаў, таму няма сэнсу паўтарацца. Адразу скажу, дзедаўшчыны НЯМА, нават паняцце такое адсутнічае, таму што армія – прафесійная. Якая можа быць дзедаўшчына, калі людзі не служаць у нашым разуменні, а па сутнасці ходзяць на працу. І атрымліваюць за гэта грошы. Гэта раўнасільна таму, што казаць пра дзедаўшчыну на заводзе або, напрыклад, на будоўлі. Канешне, ёсць пакаранні – напрыклад, заснуў у класе, пра нешта забыўся – фізкультура вам у дапамогу, але збіцця няма. Дысцыпліна – гэта ключ да перамогі і вырашэння многіх праблем.
– Войска ЗША запрашае на службу па кантракце грамадзян ЗША і ўладальнікаў грын карт, ці ёсць нейкія абмежаванні для апошніх?
– Так, ёсць некаторыя абмежаванні. У плане таго, якую працу выбраць. Напрыклад, каб працаваць перакладчыкам, ці праходзіць службу ў спецназе, трэба быць грамадзянінам ЗША. А вось, напрыклад, быць у мотастралковым падраздзяленні – без розніцы.
– Ці служаць жанчыны ў амерыканскім войску?
– Так. Жанчыны могуць служыць у войску нараўне з мужчынамі, за выключэннем адмысловых спецпадраздзяленняў. Спяць яны ў жаночых бараках, а ўсё астатняе – у змешаных узводах і ротах і робяць таксама, як і мужчыны.
– Вельмі ж мяне цікавіць твой побыт у войску…
– Умовы жыцця – казарма. Амерыканская казарма – гэта памяшканне, падзеленае на двухпакаёвыя блокі. У кожным такім блоку жыве 2 чалавекі, па аднаму – у пакоі. Агульнымі з’яўляюцца толькі ванны пакой і невялікая кухня. Ёсць інтэрнет.
Да паслуг бясплатная спартзала, якая вечна занятая, таму я асабіста займаюся ў сябе ў ротным кутку здароўя. Гэтак жа для халасцякоў ёсць сталовая, у якой сілкуешся па раскладзе тры разы ў дзень. Ёсць бібліятэка, кінатэатр, ваенгандаль (пара невялікіх крамак), цырульня і некалькі месцаў хуткага харчавання.
Жанатыя жывуць або ў вайсковых дамах на базе, або ў апартаментах. Калі сам здымаеш – пад гэтыя мэты армія дае некаторую суму грошай у залежнасці ад штата, але калі ты жывеш на базе, ты гэтых грошай не бачыш, бо яны ідуць усе на аплату жылля. А вось, калі сам знаходзіш дом/кватэру, то гэтыя грошы наўпрост ідуць у тваю кішэню, і ты імі распараджаешся сам.
Вучэнні праходзяць кожны месяц – стральба, перамяшчэнне, кіраванне. Усё «прыстасавана» на падрыхтоўку да рэальнага бою. Гэтак жа праходзяць невялікія семінары, дзе тлумачаць як карыстацца той ці іншай новай тэхнікай.
– Для мяне, канешне, усё гэта дзіўна. А які заробак?
– Заробак для Амерыкі невялікі. Мой складае 1400 долараў у месяц, але пасля выплаты ўсіх падаткаў застаецца каля 1000. Аднак справа тут не ў заробку, а ў тым, што армія дае перавагі ў працы, у вучобе ды ў грамадстве больш павагі, напэўна.
Заробкі ў параўнанні (kp.ru)
– Вяртацца, канешне, ты не збіраешся?
– У Беларусь, можа быць, прыеду. Калі-небудзь, на пару дзянькоў… Усё вырашыцца ў 2014 годзе, паколькі ў мяне ў 2013 годзе намечана камандзіроўка на 9 месяцаў у Афганістан. Не хачу нічога планаваць.
Даведка
Узброеныя сілы ЗША складаюцца з некалькіх асноўных кампанентаў. Гэта сухапутныя войскі, названыя Арміяй ЗША – самае буйное падраздзяленне амерыканскіх узброеных сіл. Далей ідуць Ваенна-Марскія Сілы ЗША. Потым Марская Пяхота ЗША, падпарадкоўваецца яна Дэпартаменту Ваенна-Марскіх Сіл. За імі ідуць Ваенна-Паветраныя Сілы. Далей ідзе Берагавая Ахова ЗША, гэта эквівалент расійскіх пагранвойскаў, але толькі выключна воднага характару. Сухапутную ж мяжу ахоўвае не войска, а спецыялізаванае падраздзяленне памежнай аховы пры Дэпартаменце Нацыянальнай Бяспекі.
Фота з асабістага архіву Максіма Парфяновіча