SunDay AutoGrodno.by 2012 прайшоў у Гродне
Рарытэтныя аўто, працы МНС па эвакуацыі, танцы прыгожых дзяўчат, аматары цюнінгу і аўтагуку – усе гэтыя рэчы знаходзіліся ў адным месцы. На фэст завіталі прадстаўнікі каля дзесятка розных аўтаклубаў.
Сярод “экспанатаў” былі як нямецкія, так і амерыканскія аўто. Аматарам савецкага аўто тут таксама можна было дзе кінуць вока. Гэта першыя “Масквічы” і “ЛуАзы”, “Зілы” ды “гарбатыя Запарожцы”.
Асаблівую ўвагу дзяцей прыцягвалі спорткары, а дарослым падабаліся як серыйныя, так і рарытэтныя аўто.
Пра фэст распавядае арганізатар з avtogrodno.by Міхаіл:
– Фэст прайшоў вельмі выдатна. Конкурсы ад ды-джэяў і танцы дзяўчат вельмі запальвалі прысутных. А наконт аўто, то перад правядзеннем на адной з “заправак” на выездзе з Менску здарыўся кур’ёзны выпадак. Прадстаўнікі розных аўтаклубаў сабраліся адначасова (не дамаўляючыся), што стварыла прыемны корак для гледачоў і “запраўка” была амаль закаркаваная, як сучаснымі, так і рарытэтнымі аўто.
На другі дзень прадстаўнікамі avtogrodno.by была створана калона рарытэтных аўто, якая наведала навакольныя вёскі і рухалася ў бок Аўгустоўскага канала. Мне пашэнціла праехацца ў дадзенай калоне.
Заключнай часткай аўтафэста для некаторых ўдзельнікаў было наведванне дзіцячага дома ў Гродне, куды былі перададзены падарункі ад аўтааматараў.
Здымкі аўтара