Пратэсты рабочых на ААТ “Гродна Азот”
«Праблема ў тым, што апошняя атэстацыя праводзілася ў 2008 годзе. Яе вынікі былі ўзяты за аснову цяперашняй. Аднак пастановай Мінпрацы за гэты час памяняліся ўмовы атэстацыі, і атрымалася, што даволі значная частка людзей (мне складана гаварыць аб дакладных лічбах, але размова ідзе аб сотнях людзей) страцілі права на датэрміновую пенсію, дадатковы адпачынак і даплаты за шкодныя або небяспечныя ўмовы працы», — расказаў Антусевіч.
Ён адзначыў, што ў заявах, з якімі рабочыя звярнуліся ў БНП, указвалася не толькі на «дзіўным чынам праведзеную атэстацыю», але і на тое, што адміністрацыя прадпрыемства аказвае націск на людзей з патрабаваннем прызнаць вынікі гэтай атэстацыі.
У выпадку непрызнання, патлумачыў Антусевіч, работніка могуць звольніць, згодна з Працоўным кодэксам, у сувязі з непрызнаннем істотных змяненняў умоў працы.
Паводле яго слоў, пярвічка БНП звярнулася ў пракуратуру з просьбай разабрацца ў сітуацыі. «Пракуратура звярнула ўвагу толькі на тое, што быў націск на людзей, а па пытаннях атэстацыі накіравалі ў Мінпрацы. Інспекцыя па працы напісала нейкую адпіску», — сказаў Антусевіч.
Паводле яго слоў, у сітуацыю ўмяшалася таксама Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
«Там быў высаджаны дэсант з высокапастаўленых чыноўнікаў ФПБ, Белхімпрафсаюза. Таксама 11 ліпеня быў, мабыць, планавы прыезд першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі на завод. Усе гэтыя пытанні былі яму агучаны. Ён пакуль прыпыніў дзеянне новай атэстацыі, будуць разбірацца, як вырашаць сітуацыю», — сказаў Антусевіч.
Ён таксама паведаміў, што яшчэ на адным гродзенскім прадпрыемстве, «Гроднажылбуд», работнікі «з-за нізкіх заробкаў фактычна аб’явілі ўльтыматум кіраўніцтву прадпрыемства і запатрабавалі яе павелічэння».
Акрамя таго, 18 ліпеня рабочыя аднаго з прадпрыемстваў холдынгу «Пінскдрэў» сабраліся на стыхійны мітынг. Паводле інфармацыі старшыні БКДП Аляксандра Ярашука, каля 200 работнікаў прадпрыемства выйшлі са складу афіцыйнага прафсаюза.