Журналіст па-беларуску
Быць журналістам – вялікі гонар, нездарма ж СМІ называюць чацвёртай уладай. Мне здаецца, што журналіст – не столькі прафесія, колькі прызначэнне. Усе кажуць, што быць аб’ектыўным – галоўная задача журналіста. Так і ёсць! Але сапраўдная аб’ектыўнасці я назіраю не шмат.
Быць аб’ектыўным – зусім не значыць апісваць з’явы рэчаіснасці. Гэта хутчэй можна назваць не аб’ектыўнасцю, а абыякавасцю. Быць па-журналісцку аб’ектыўным – гэта значыць бачыць і казаць больш таго, што паўстае перад нашымі вачыма. Не проста расказваць, што «ёсць такая з’ява ў грамадстве і яшчэ вось такая», а ацэньваць, аналізаваць, расплюшчваць вочы сляпым і вырываць са сну тых, хто спіць.
Мне здаецца, што мы жывем у час паўсюднага моладзевага інтэлектуальнага ўпадку. А ўнікальнасць гэтага часа ў тым, што быць прагрэсіўным маладому чалавеку, быць не такім як усе – значыць быць ўсепланава адукаваным. Сёння на такога чалавека глядзяць, нібы на прышэльца. Раней так глядзелі на хіпі ці панкаў. Зараз з’яўляюцца розныя готы і эма, быццам бы так званыя новыя субкультуры, хаця на самой справе іх прадстаўнікі такія ж шэрыя пасродкавасці моладзевага асяродку, як і ўсе іх папярэднікі.
Вельмі важна для нашага журналіста заставацца сапраўдным беларусам. Гэта ўвогуле актуальна для любых спецыялістаў, бо нярэдка перад імі паўстае пытанне аб магчымай працы за мяжой. Грошы маняць слабых людзей. Рэалізоўвацца не ў Беларусі – гэта шкода нашаму краю, здрада пакаленням нашых продкаў, што нарадзіліся і памерлі тут. Ды і куды ехаць? На Захад, дзе пануе культ спажывання і лібералізм у вобласці маралі і грамадскага жыцця? Ці на Усход, дзе ў нашых суседзяў тое ж самае ўваходзіць у штодзённасць? Беларусь – краіна, якая знаходзіцца на мяжы… А значыць, альбо мы зробім альтэрнатыўны выбар на карысць святла і дабра, альбо загразнем навечна ў цэнтры гэтага хаосу. Беларускім журналістам мае права называцца толькі той, хто зрабіў правільны выбар. Хто служыць роднай зямлі, а не грошам і сваім уласным інтарэсам.
Яўген Пацэвіч
На фота: ШМЖ-12 падчас наведвання рэдакцыі газеты “Комсомольская правда”