Айцец Віктар: «Я заўсёды быў антыкамуністам»

|

Яму давялося прайсці праз пекла ГУЛАГу, знайшоўшы там шлях да Бога і сваё пакліканне, заснаваць у Гродне парафію «Маці Божай Фацімскай», пасля чаго вярнуцца ў Расію з апошнім місіянерскім падарожжам.

 

Свой 85-ы дзень нараджэння а.Віктар сустрэў на Радзіме, у Яраслаўлі. За плячыма застаўся доўгі шлях: праца ў ваеннай прамысловасці падчас вайны, арышт у 1947 за «палітыку», пасля вызваленне ў 1955 разам з поўнай рэабілітацыяй, падпольная вучоба ў львоўскай семінарыі і рукапалажэнне ў святары, нелегальная місіянерская дзейнасць…

 

Гарадзенцы памятаюць а.Віктара як заўзятага верніка, які на пачатку бурлівых 90-х арганізаваў тутэйшых патрыётаў у грэка-каталіцкую парафію. Зараз, нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, святар актыўна карыстаецца фэйсбукам ды працягвае пісаць працы на рэлігійныя тэмы. Нешматслоўны, але заўжды шчыры і грунтоўны, а. Віктар пагадзіўся адказаць на пытанні «ТС».

 

– Айцец Віктар, ваша навяртанне да веры падчас адсідкі апісанае ў кнізе ўспамінаў «Мой шлях да Бога і каталіцкай царквы», аднак чаму ўсё ж такі – грэка-каталіцтва?

– Я быў ахрышчаны ва ўсходнім абрадзе і быў жанаты. Таму ў лацінскім абрадзе ўжо быць не мог. Зараз па хадайніцтву мітрапаліта Кандрусевіча з’яўляюся бірытуалістам – магу служыць у двух абрадах. Звязана гэта з тым, што я быў патрэбны ў Расіі.

 

– А чаму пераехалі ў Гродна?

– Прычына – уцёкі ад КДБ на сваёй Радзіме. З-за місіянерскай дзейнасці я не мог уладкавацца на працу для ўтрымання сям’і. Там (у Расіі – рэд.) каталікоў ненавідзелі… акрамя таго я быў на дрэнным рахунку ў КДБ, бо меў дзве палітычныя судзімасці. У Гродне каталікоў было шмат і на гэта не так коса глядзелі.

 

– Як пачыналася гродзенская грэка-каталіцкая парафія?

– Для рэгістрацыі па законе патрэбна было 10 чалавек – людзі прыходзілі больш з патрыятычных пачуццяў, у Бога яны яшчэ не верылі. Пасля была праца з людзьмі, колькасць парафіянаў вырасла да 80, частка з’ехала. Пастаянных было хіба чалавек 60. Парафіі далі імя Маці Божай Фацімскай – тады гэта было модна. Яе прароцтвы натхнялі (згодна Касцёлу, у м. Фаціма да дзяцей неаднаразова з’яўлялася Багародзіца, якая ў тым ліку казала аб навяртанні Расіі да веры – рэд.).

 

– А ці не было ў вас праблемаў з расейскім паходжаннем, з беларускай ды ўкраінскай мовамі?

– Украінскія каталікі не дурні, каб дачапляцца да мяне з-за мовы. Яны радыя ўжо таму, што я не «маскаль», а чалавек іх маралі і поглядаў. Таксама было і ў Беларусі, хоць некаторыя хацелі на пачатку, каб я прапаведваў па-беларуску – я пачаў рабіць пераклады, але высветлілася, што па-расійску мае казанні ўсё ж такі больш «запальвалі», таму людзі сказалі: «Лепш па-расійску». Але ў царкоўных справах я заўсёды праводзіў беларускую традыцыю і не дапускаў «сінадальшчыны»: напрыклад у выбары іконаў, стылі жывапісу і датычна «ныцця» у спевах; я заўсёды быў антыкамуністам (афіцыйнае праваслаўе і палітыка сінода лічылася за савецкім часам падкантрольнай афіцыйным уладам – рэд.).

 

Службу я вёў па-беларуску. Сам часцяком размаўляў на «трасянцы», на якой размаўляе большасць беларусаў. Чыстая беларуская мова мне давалася дрэнна, бо я ведаў польскую і часцяком блытаўся з-за падобных словаў. Па царкоўна-славянску не служыў, бо гэтай мовы нават расійцы не разумелі.

 

– Чаму вы з’ехалі з Гродна і з Беларусі?

–Я вярнуўся ў Расію ў 2005-м, мне было ўжо 78 год, таму меў права на спакой. Акрамя таго на Радзіме ў мяне было два унукі без бацькі, які рана памёр, іх трэба было выхоўваць. І, нарэшце, Расія вызвалілася ад КПСС і я меў намер нешта зрабіць для яе, гэта быў мой абавязак. Грэка-каталікоў на Радзіме не было, святароў, якія б ведалі расійскую мову не хапала – мяне запрасілі. Я працаваў вікарыем, бо быў ужо хворы: перанёс інфаркт, грыжа храбта пашкодзіла ногі, таму ўжо на Беларусі я ездзіў на таксі… Старасць. Зараз 85 і з хаты фактычна не выходжу, інвалід 2-й групы.

 

– Не шкадуеце аб ад’ездзе?

– Не, маё вяртанне ўратавала ўнукаў: яны добрыя грэка-каталікі, хоць наведваюць лацінскія богаслужэнні – ГКЦ (Грэка-Каталіцкай Царквы – рэд.) там няма. Калі яны былі ў мяне ў гасцях у Гродне, ім наш абрад грэка-каталіцкі нават больш спадабаўся, чым там лацінскі.

 

– За вашымі плячыма доўгі і няпросты шлях. Калі б была мажлівасць, што б вы змянілі ў ім?

– Першае: пайшоў бы ў манахі, не жаніўся б. Другое: імкнуўся б меней грашыць. Звычайна кажуць: «Усё, што робіцца, да лепшага», «Нет худа без добра»… Але каб так было, трэба кожную няўдачу асэнсоўваць і браць ад яе карыснае. 

 

– З Богам, поспехаў вам!

– З Богам!

 

Падчас аўдыенцыі у папы рымскага Яна Паўла ІІ


Даведка

Грэка-каталіцтва (Уніяцтва) —  плынь, заснаваная на царкоўнай уніі розных хрысціянскіх Цэркваў з рыма-каталіцкай на ўмовах прызнання першымі вяршэнства папы рымскага і каталіцкай дагматыкі пры захаванні традыцыяў рэлігійнага культу і выкарыстання традыцыйна сакральнай ці народнай мовы ў богаслужэнні. У Еўропе існуе чатырнаццаць такіх Цэркваў. У Рэчы Паспалітай уніяцтва ўзьнікла пасьля заключэння Берасьцейскай царкоўнай уніі (1596), аднак было фактычна выкарэнена расійскімі ўладамі ў ХІХ ст. Адраджэнне Ўніі на Беларусі пачалося толькі на пачатку 1990-х.