Як я была валанцёркай… на могілках
Зараз некраполія знаходзіцца ў даволі занядбаным стане, асабліва яе найстарэйшая частка. Некалькі год таму былі высечаны ўсе старыя дрэвы. Цяпер могілкі зарастаюць кустоўем і травой, якім добра расці без перашкод.
«Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» ў гэтыя выходныя зладзіла першую спробу ўпарадкаваць гэтыя могілкі. Менавіта таму, што я вырашыла далучыцца да прыборкі, мая субота і пачалася так рана.
Знайсці валанцёраў на месцы было не цяжка. Я рушыла туды, дзе мне адразу была выдадзена прылада працы.
Нягледзячы на невялікую колькасць прысутных, зроблена было шмат. Як кажуць арганізатары, было мала рэкламы, шмат часу пайшло таксама на ўзгадненне дакументацыі з мясцовай курыяй, да якой належыць касцёл на могілках.
Спёка давала аб сабе ведаць – працаваць было цяжка. Сапраўднай узнагародай стала вычышчаная ад кустоў і высокай травы ўжо безназоўная магіла. Колькі ж было здзіўлення і эмоцый, калі яна пачала з’яўляцца з кустоўя.
У зарасніку мы знаходзілі пустыя бутэлькі ад «смачнага і недарагога» віна. Жартавалі – хутка ў крамы пабяжым здаваць тару, можа на пальчакі якія хопіць для наступных акцый.
Неузабаве да нашай фізічнай працы далучылася «цяжкая артылерыя» – бензакасілка, з дапамогай якой прыбраны участак стаў выглядаць больш прывабна,калі так можна сказаць пра могілкі.
Такія прыборкі арганізатары плануюць зрабіць рэгулярнымі, бо працы яшчэ шмат. Я дык дакладна збіраюся ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах і надалей. Сачыць за датамі наступных прыборак можна ў суполцы Укантакце.
Гістарычная даведка
Старыя каталіцкія могілкі ў Гродне, якія называюць яшчэ фарнымі, заснаваныя ажно ў 1792 г. На ўсходзе былой Рэчы Паспалітай яны з’яўляюцца трэцяй вялікай некраполіяй пасля віленскай і львоўскай. У нашым горадзе, згодна з Заканадаўчым Універсалам для вольных гарадоў адносна могілак і бойняў з 1792 было прадпісана хаваць гараджан на могілках за горадам – exter urbem.
Па ўсёй Рэчы Паспалітай здзейсніць гэты план было цяжка. З-за недахопу сродкаў і кепскай агульнай эканамічнай сітуацыі ў краіне рашэнне выконвалася павольна і не адразу. Аднак, наш горад і тут вылучыўся сярод іншых – Універсал быў выкананы ў час! Дзякуючы гэтаму, гродзенскія фарныя могілкі старэйшыя, чым кракаўскія Ракавіцы, якія ўзніклі ў 1801 г., і толькі на два гады маладзейшыя за варшаўскія Павонзкі. У Вільні ж могілкі Росы былі закладзены ў 1796 г.
У нас хаваць за горадам пачалі ў траўні 1792 г. У тым годзе было пахвана 20 нябожчыкаў. У снежні там ужо спачывала каля двухсот. Як кажуць даследчыкі, гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што каталікі першымі са шматканфесійнага насельніцтва Гродна прынялі звычай адпраўляць сваіх памерлых за мяжу горада.
Наша некраполія – ўнікальны помнік, дзе пахаваныя ўнікальныя людзі. Сярод іх: Эліза Ажэшка, скульптар Баляслаў Шышкевіч, які сам быў аўтарам шматлікіх помнікаў на старых могілках, Вільгельм Вавэрн – генерал-лейтэнант артылерыі расійскіх войск, С. П. Станіслаў Гольснэр, палкоўнік усуюжскага палка і іншыя.
Здымкі аўтаркі,а таксама http://vk.com/club41271486