Гарадзенец Іван Ціхан зняты з Алімпіяды
Як паведамляе “Прессбол”, паводле рашэння Міжнароднага Алімпійскага Камітэту (МОК) допінг-пробы захоўваюцца на працягу 8 год, на працягу якіх могуць быць пераправераныя з выкарыстаннем новых методык выяўлення забароненых рэчываў. Тэрмін захоўвання пробаў, узятых у 2004 г., сканчаўся 29 жніўня.
Яшчэ ў ліпені паўторны аналіз узятых у Ціхана на Алімпіядзе 2004 г. і чэмпіянаце свету 2005 г. допінг-пробаў выявіў забароненыя прэпараты. Менавіта гэта і стала прычынай рашэння Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі адхіліць зараз Ціхана ад удзелу ў Алімпіядзе.
Іван Ціхан з’яўляўся лідэрам міравога сезона ў кіданні молата і меў усе шансы заваяваць алімпійскі медаль.
На Алімпіядзе 2004 г. у Афінах гарадзенец заваяваў срэбны медаль, які зараз давядзецца вярнуць.
На Алімпіядзе 2008 г. у Пекіне Ціхан заваяваў бронзавы медаль, які, аднак, забралі з-за нібыта станоўчай допінг-пробы.
Толькі праз два гады па рашэнні Спартыўнага арбітражнага суда ў Лазане атлета апраўдалі і вярнулі яму ўзнагароду.
І вось новае выпрабаванне…
Віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага Камітэту Сяргей Цяцерын ужо заявіў, што ў рашэнні аб адхіленні Ціхана ад старту на Алімпіядзе ёсць палітычны падтэкст.
Выпадак з Ціханам яшчэ больш зменшыў шансы зборнай Беларусі на заваяванне запланаваных Аляксандрам Лукашэнкам 25 алімпійскіх медалёў.
Пакуль у актыве беларусаў толькі 4 медалі: золата ў стралка Сяргея Мартынава, бронза ў штангісткак Марыны Шкерманковай і Ірыны Кулешы і срэбра ў плаўчыхі Аляксандры Герасімені.
На здымку: Іван Ціхан (зправа) з медалём Алімпіяды 2004 г. у Афінах. Цяпер узнагароду давядзецца вярнуць…
Фота pressball.by