Беларусь як …экспарцёр дэмакратыі?
Справа нават не ў тым, што сп. Кізіма (на здымку ніжэй), загадчык кафедры міжнародных адносінаў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ, выступае ў якасці эксперта ў крымінальнай справе Андрэя Пачобута (гэта значыць, што гэта ён прызнаў тэксты журналіста «паклёпніцкімі», за што нашаму земляку пагражае амаль восем год зняволення).
Справа ў фантастычнай мадэлі сусвету, якая паўстае перад намі ў святле дадзеных артыкулаў.
Адзін з іх – «Якая дэмакратыя забівае, а якая лечыць» («Рэспубліка», № 128, 12.07.12 ), прысвечаны «дэмакратызацыі Расеі па беларускім варыянце».
Чаго тут хаваць? Калі няма ані нафты, ані інтэлектуальнага рэсурсу (сістэма адукацыі знішчана) трэба экспартаваць «дэмакратыю», але, зразумела, «у беларускім варыянце».
Паспяховасць беларускай мадэлі эксперт тлумачыць надзвычай проста і адначасова маляўніча на прыкладзе мінулагодняга крызісу:
«У 2011 г. у Беларусі было падзенне даляравага заробку амаль у тры разы, але гэта не прывяло ні да якіх масавых сацыяльных супярэчнасцяў («маўклівыя» акцыі да бойкі каля абменнікаў не кранулі каменнае сэрца эксперта – аўт.), таму што на фоне мінімальнай карупцыі, даступнай медыцыны… незадаволенасць была кампенсаваная існуючай сацыяльнай мадэллю».
Далей, хіба з гумарам: «Так, дзяржава трошку недагледзела ў чымсці за валютай, але дагледзела па ўсіх астатніх жыццёва важных пытаннях (тут хіба аб чарговым росце штату і палнамоцтваў МУС ды КДБ – аўт.)». Паколькі заходнія дзяржавы ды іншыя прыслужнікі «святовай закулісы» «хочуць прывесці Расею да расколу, панізіўшы ўзровень коштаў на нафту да 25 даляраў», калумніст «Рэспублікі» чарговы раз настойліва раіць: «Дэмакратызацыя Расеі па белурскім прыкладзе здольная згуртаваць расейцаў», прасцей кажучы раіць закручваць у РФ гайкі…
Фактычна замест мадэрнізацыі Расеі прапаноўваюць скаціцца да нашага ўзроўню, то бок крок назад замест кроку наперад. Аднак калі «беларуская мадэль» трымаецца на расійскіх датацыях, на якіх датацыях будзе трымацца расейская эканоміка, «дэмакратызаваная па беларускім прыкладзе», калі кошт на нафту ўсё ж такі дасягне 25 даляраў?…
Другі артыкул пад моцным назовам «Будучыня нацыянальнай бяспекі» («Рэспубліка», № 129, 13.07.2012) поўніцца геапалітычнымі «страшылкамі»: тэрарызм у Лівіі, неспакой у Індыі, Трэцяя святовая вайна і г.д. Сітуацыі ў Лівіі прысвечаны асобны абзац: «…яшчэ нядаўна шчаслівая і спакойная краіна (гэта аб рэжыме Каддафі – аўт.), дзе эфектыўна змагаліся з тэрарыстычнымі групамі, робіцца ўрадлівай глебай для тэрарыстаў. Не выключана, што яна пойдзе па самалійскім шляху… (куды, цікава, будуць высаджвацца лівійскія піраты? На Сіцылію?.. – аўт.)»
Увесь час у артыкуле звяртае на сябе ўвагу «прывід» КНР, якую аўтар ставіць у прыклад, калі не сказаць «сцелецца» перад ёй:
«ЕЗ і ЗША са страхам глядзяць на рост уплыву Кітая» альбо «Кітайцы запавольваюць тэмпы роста (…) дзеля таго каб уратаваць ЕЗ і ЗША…» Так і напрошваецца геапалітычнае трыо: «Пекін-Масква-Менск»…
Прыглядаючыся да апошніх падзеяў ва Ўкраіне ды Расеі сапраўды можа падацца, што там не толькі чытаюць газету «Рэспубліка», але і з ахвотай пераймаюць вопыт «беларускай дэмакратыі»: над кожным мітынгам у Маскве зараз навісае прывід «масавых непарадкаў», а ўсё ўкраінскае на Ўкраіне зноўку на дзярж-узроўні залічваецца да фашысцкага, чаго не было нават за часамі Кучмы.
Пытанне ў іншым: куды прывядзе такая сцежка? У міжваенны перыяд у Еўропе, як мы памятаем, у пэўны момант з’явілася мода на «моцную руку» ды «парадак», што супала з фашызацыяй Еўропы, асабліва маладых дзяржаваў, паўстаўшых на парэштках Расейскай ды Аўстра-Вугорскай імперыяў.
Існуе аднак і іншы, больш аптымістычны прыклад з сучаснасці: па аналогіі з «арабскай вясной» усё часцей можна пачуць і пра «славянскую восень»…
Алесь Кіркевіч, аглядальнік “Твайго стылю”