Гарадзенскія музеі не ў пашане ў гарадзенцаў
Такія звесткі падае Нацыянальны статыстычны камітэт, які выклаў нядаўна на сваім сайце зборнік “Культура ў Рэспубліцы Беларусь”.
Паводле прыведзеных у ім дадзеных, музеі вобласці ў 2011 г. наведалі 577 з кожнай тысячы жыхароў рэгіёна. У лідэрах тут сталіца, дзе гэтая лічба складае 643. На другім месцы – Віцебшчына – 618, на трэцім – Берасцейшчына – 613.
Паказчыкі Гарадзеншчыны маглі б быць яшчэ горшымі, калі б не Мірскі замак, які ў апошнія гады стаў адным з цэнтраў турызму ў Беларусі. Толькі за мінулы год музей у мястэчку ў Карэліцкім раёне наведала амаль 200 тыс. чалавек!
Самыя папулярныя музеі на Гарадзеншчыне
Для параўнання, гісторыка-археалагічны музей у Гродне наведала 156 тыс. чалавек.
На значна большыя паказчыкі мог бы разлічваць унікальны для Беларусі гарадзенскі музей гісторыі рэлігіі (33,8 тыс. чал.).
Зусім сціплыя для абласнога цэнтру паказчыкі мае музей Багдановіча (12 тыс.).
І гэта пры тым, што кошты ў нашыя музеі зусім сімвалічныя… У сітуацыі, калі дзяржава не стварае рэальных умоваў для прыцягнення замежных турыстаў (высокі кошт і няпростая працэдура атрымання візы), калі слаба развіваецца турыстычная інфраструктура, беларускім музеям у бліжэйшы час давядзецца змагацца за тое, каб у іх пайшлі беларусы.
І тут ужо трэба праяўляць крэатыўнасць, якой пакуль кіраўніцтву большасці нашых музеяў не стае.
На здымку: Дырэктарка музею рэлігіі Людміла Карнілава напэўна разлічвала на большую колькасць наведвальнікаў
Фота tio.by