Выкрыты махінацыі пры падрыхтоўцы вытворчасці мінеральнай вады

|

У пасёлку гарадскога тыпу Свіслач некалькі гадоў таму распачалі вельмі дарагі праект, задумаўшы маштабную мадэрнізацыю комплексу па вытворчасці мінеральнай вады. Грошы адшуквалі з усіх магчымых крыніц, звяртаючыся ў райвыканкам, інавацыйныя фонды. Дадаўшы да ўласных сродкаў бюджэтныя пазыкі, узяліся за працу. Праўда, справа не ішла. 

Абгрунтаваным пытаннем, чаму комплексную лінію па вытворчасці мінеральнай вады, на якую было зрасходавана 3,5 млрд. рублёў, вось ужо чатыры гады не могуць увесці ў эксплуатацыю, час ад часу задаваліся як пазыкадавальнікі, так і кантралюючыя органы вобласці. Быццам бы і лінію адно з таварыстваў з дадатковай адказнасцю даўно паставіла, і мантажныя работы ажыццяўляліся без бачных збояў, а запуск па незразумелых прычынах адцягваўся. Калі ўсе тэрміны ўводу ў эксплуатацыю дарагога абсталявання прайшлі, працэс мадэрнізацыі ўзяліся правяраць супрацоўнікі службы БЭЗ УУС Гродзенскага аблвыканкама. Праверка паказала сотні мільёнаў неабгрунтавана патрачаных грошай, што з’явілася падставай для распачынання крымінальнай справы і выстаўлення рахунку для вяртання 500 млн. рублёў у інавацыйны фонд вобласці. 

Замоўцам вытворчай лініі выступіла мясцовае раённае спажывецкае таварыства. Але пасля заключэння дагавора пастаўшчык не толькі выставіў кошт, які значна перавышаў першапачаткова заяўлены, але і пад выглядам новага адгрузіў ужыванае раней абсталяванне. Чысты прыбытак дырэктара камерцыйнай фірмы склаў больш як 430 млн. рублёў. У дачыненні да яго распачата справа паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства ў асабліва буйным памеры), якая цяпер расследуецца Свіслацкім раённым аддзелам Следчага камітэта. 

Дзякуючы дзеянням гродзенскіх праваахоўных органаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і КДК вобласці, райспажыўтаварыства вярнула інавацыйнаму фонду 500 млн. рублёў. Пазыкаатрымальнікі такое рашэнне не аспрэчвалі, разумеючы, што абгрунтаваць неабходнасць выкарыстання грошай праз стварэнне бачнасці працы ўжо не атрымаецца. 

У ГУБЭЗ МУС адзначаюць, што штрафныя санкцыі агульную сітуацыю з запускам лініі, на жаль, не зменяць. Нават калі ўвод у эксплуатацыю адбудзецца, то старое абсталяванне не толькі не забяспечыць належную аўтаматызацыю, на якую рабілі стаўку пры распрацоўцы праекта, але і праслужыць значна менш запланаванага тэрміну.

 

Вячаслаў Буткевіч, БЕЛАПАН