У Краснасельскім засцерагаюць ад адпачынку на крэйдавых кар’ерах

|

Але адпачынак гэты вельмі небяспечны.

 

Як паведамляе блог Волковыск.by, днямі на сайте вытворчага аб’яднання “Краснасельскбудматэрыялы” з’явілася папярэджанне для аматараў экстрэмальнага адпачынку на крэйдавых кар’ерах.

 

Кіраўніцтва прадпрыемства папярэджвае, што кар’еры з’яўляюцца небяспечнымі аб’ектамі, знаходжанне на тэрыторыі якіх забаронена.

 

Берагі кар’ераў вельмі крутыя і могуць у любы момант абсыпацца.

 

У выпадку няшчасных здарэнняў хутка дапамагчы людзям, якія тут купаюцца, будзе надзвычай складана.

 

З-за вялікай плошчы кар’еры пакуль не агароджаныя па ўсім перыметры.

 

Таму купанне ў кар’ерах – гэта свядомая рызыка для жыцця і здароўя людзей. Аўтары звароту спасылаюцца на мясцовых жыхароў, якія не купаюцца і не ловяць рыбу ў краснасельскіх крэйдавых кар’ерах.

 

Як паведамляў “Твой стыль”, нядаўна мінскі гурт “Цвет алоэ” зняў відэакліп пра лета на крэйдавых кар’ерах, што знаходзяцца непадалёк пасёлка Краснасельскі.

 

 

Крэйдавыя кар’еры былі адным з папулярных месцаў адпачынку і сярод гарадзенцаў. Цяпер, аднак, г.зв. Сінька і Зялёнка ў запусценні.

 

Фота Дзмітрыя Ласько