Што колькі каштуе на Скідзельскім рынку

Максімальны кошт бульбы – 3 тысячы. Сярэдні кошт на свойскія яблыкі (як і грушы) – 4-5 тысяч. Бераставіцкія альбо ждановіцкія памідоры ў сярэднім каштуюць 5-6 тысяч (зрэдку да 8), па драбноту за 4 тысячы шыхтуюцца чэргі.

 

Толькі на кожным пятым прылаўку можна знайсці памідоры з Украіны, рэшта ўжо тутэйшых. Агуркі з памідорамі цяпер трымаюцца прыкладна ў адной цане (каля 6 тысяч), хоць традыцыйна агуркі таннейшыя. Венікі для закаткі прадаюцца ці не на кожным прылаўку, цэны дэмакратычныя – 2,5 тысячы.

Цэны на беларускія ды крымскія перцы моцна не адрозніваюцца – 7-9 тысяч. Крамны кошт сягае 20 тысяч за аналагі, напрыклад, з Сербіі.

Паўднёвыя дыні «пацягнуць» на 9-16 тысяч за кг (у залежнасці ад гатунку), крымскія персікі – 16 тысяч, кавуны – 4-6 тысяч. Белы вінаград кішміш можна набыць за 15-18 тысяч, салодкі чорны – за 11-12 тысяч.

Літровы слоік лісічак можна прыдбаць за 20 тысяч, іншых грыбоў пакуль не бачна. Столькі ж каштуюць і чарніцы – ужо адыходзячы тавар. Садовыя дурніцы абыдуцца ў 40 тысяч.