“Праўда” – супраць “праўды”

|

 

10 жніўня Зміцер Бандарчук (на здымку ў цэнтры) ладзіў пад дажджом акцыю па зборы подпісаў каля аднаго з гарадзенскіх супермаркетаў “Алмі”.

 

– Ці гэтыя выбары – ёсць “Выбарамі без выбара”?

 

– Нельга так казаць. Проста ў нашай краіне няма выбарчага заканадаўства. А выбары – яны заўсёды ёсць. Мы абышлі вельмі шмат людзей. Сабралі каля 1500 подпісаў і людзі чакаюць пераменаў, а забіраць выбар у людзей нельга.

 

Калі мы разлічваем на падтрымку людзей – трэба даваць ім такі выбар. Каб яны прыходзілі на гэтыя выбарчыя ўчасткі. У нас адно жыццё і навошта чакаць? Трэба ісці, трэба працаваць. Вельмі шмат людзей разумеюць, што трэба нешта мяняць. І можна сказаць упэўнена, што гэтых людзей ужо большасць.

 

– Вы хадзілі па хатах і бачылі людзей. Скажы прыкладна, хто твой выбаршчык?

 

– Гэтае пытанне я задаваў кожнаму сябру ініцыятыўнай групы, бо для нас гэта было вельмі цікава даведацца пра гэта. Але нельга вызначыць нейкага тыповага выбаршчыка. Падпісваюцца розныя людзі, у тым ліку і старыя, якія кажуць, што мы старыя, пражылі жыццё, але у нас ёсць дзеці і мы хочам, каб у іх штосьці мянялася і каб ў іх было добрае жыццё.

 

Ёсць асобныя катэгорыі людзей, якія не падпісваюцца дакладна – гэта настаўнікі, медыкі і вайскоўцы. Цэлыя дамы, дзе яны жывуць – праходзішь і яны ўсюды адмаўляюцца.

 

– Вы ідзеце па адной з акругаў з Аленай Берасневай, рэдактаркай “Гродзенскай праўды”. Як вы разглядаеце яе шанцы?

 

– Я зайшоў у кватэру чалавека, які збіраў подпісы за яе. Я гэтай жанчыне сказаў – я за сумленныя выбары. Давайце я вам пастаўлю подпіс і вы мне паставіце подпіс і давайце, каб у нас была канкурэнтная барацьба.

 

Але так не атрымалася. Нават у гэтай дробязі так не атрымалася. Яна сказала, што так не можа.

 

Казаць пра шанцы Берасневай я пакуль не буду, бо я яшчэ сам не зарэгістраваны. Але тое, што група Берасневай складаецца з вялікай колькасці супрацоўнікаў аддзела адукацыі, з тых, хто працуе ў школах і дзіцячых садках – гэта сведчыць пра тое, што Алена Бераснева вельмі сур’ёзна падыходзіць да гэтых выбараў.

 

align=”left” >Падтрымаць свайго кандыдата з кампаніі “Гавары Праўды” праехаў з Мінску Аляксандр Фядута (на здымку):

 

– Я з’яўляюся сябрам ініцыятыўнай групы ў кожнага кандыдата, які вылучаецца пры падтрымцы кампаніі “Гавары Праўду”. У Гродна гэта Зміцер Бандарчук.

 

У нас з ім была дамова, што калі ён скажа, што я яму патрэбны, я да яго прыяджаю і працую ў пікеце.

Вось ён сказаў мне – трэба 10-11 жніўня – і я тут.

 

Пасля пачнецца агітацыйная кампанія, калі Зміцера зарэгіструюць кандыдатам у дэпутаты, а я спадзяюся, што будзе менавіта так, таму што больш за 1000 подпісаў, якія былі патрэбныя, ён ужо сабраў. І, ведаючы яго як вельмі добрасумленнага і вопытнага па зборы подпісаў чалавека, у мяне няма ніякага сумневу, што калі не будзе нейкага загаду не рэгістраваць яго, камісія будзе вымушана яго зарэгістраваць. І калі ён скажа, што я павінен прыехаць дапамагчы яму пад час агітацыйнай кампаніі у якасці даверанай асобы – я прыеду.

 

Апроч Гродна я быў у Полацку, стаяў на пікеце ў Мінску. Мы, кіраўніцтва кампаніі ”Гавары Праўду” і былое кіраўніцтва перадвыбарчага штабу Уладзіміра Некляева, не можам асабіста балатавацца.

 

Каб ніхто не сказаў, што мы проста кінулі людзей на амбразуры – мы не кінулі, мы стаім побач з імі і адначасова з’яўляемся гарантамі таго, што адбудзецца цуд і яны апынуцца ў парламенце. Мы адказваем сваімі рэпутацыямі за тое, якіх пазіцый яны будуць прытрымлівацца.

 

Дарэчы, сам Фядута планаваў сустрэцца з гарадзенцамі таксама 11 жніўня ў абед ля універсаму “Брэст”.

 

Фота аўтара