Джэк Каган: я хачу падзякаваць простым беларусам
Праз яго ў верасні 1943 года 250 вязняў беглі ад немінучай смерці.
На жаль, частку з іх знайшлі нямецкія паліцаі і растралялі каля вёскі Літоўка, што ў некалькіх кіламетрах ад Навагрудка. Тут і прайшла мемарыяльная цырымонія, ў якой прымалі ўдзел нашчадкі ўцекачоў і некаторыя з тых, хто капаў той самы, ужо легендарны тунэль жыцця.
Дрор Шварц (на здымку ніжэй), знакаміты ізраільскі рэжысёр-дакументаліст сабраў і прывез нашчадкаў вязняў на Навагрудчыну, каб разам пачаць аднаўляць ход, што быў выкапаны 70 год таму.
Пошук тунэля быў арганізаваны археалагічным метадам і людзям дапамагала цяжкая артылерыя – сучасны экскаватар.
У правядзенні пошукавых работ прымаюць удзел 4 былых вязня Навагрудскага габрэйскага працоўнага лагера, а таксама больш за 50 чалавек – дзяцей і ўнукаў тых самых вязняў, якія змаглі выратавацца.
Сярод іх – Джэк Каган (на здымку ўверсе разам з жонкай), аўтар шматлікіх кніг пра Халакост і габрэяў ў Навагрудку, ганаровы жыхар гэтага горада. Ён не толькі быў у гетта, не толькі прайшоў вайну, але зараз імкнецца захаваць памяць пра тыя падзеі.
У Навагрудку і яго наваколлі пры яго актыўным удзеле пастаўлены помнікі габрэям, знішчаным у навагрудскім гета. Акрамя таго, ён з’яўляецца ініцыятарам стварэння экспазіцыі габрэйскага супраціву ў Гісторыка-краязнаўчым музеі Навагрудка. У выніку экспазіцыя была створана і размясцілася там, дзе для ўцёкаў вязнямі быў пракапаны тунэль.
Як зазначыў Джэк Каган:
– Гэта вельмі важна памятаць. Памятаць гэтую старонку нашай сумеснай гісторыі. Пасля таго, што мы тут перажылі, я шчыра хачу падзякаваць простым беларусам, якія дапамагалі нам выратавацца.
4000 мужчын, жанчын і дзяцей былі забітыя каля вёскі Літоўка.
Зараз там, на месцы массавага захавання стаіць помнік, каля якога і прайшлі мемарыяльныя ўрачыстасці, якія атрымаліся вельмі эмацыйнымі.
Цяжка было стрымаць слезы падчас эмацыйных словаў Ізраэля Калачыка, яшчэ аднаго былога вязня навагрудскага гетта, які згубіў там усю сваю сям’ю.
Цяжка было ўявіць, што тут, на гэтым месцы пахавана так шмат людзей.
Цяжка ўсвядоміць, што перажылі тыя, хто застаўся ў жывых, і якіх намаганняў ім каштавала збегчы.
Нам, сучасным людзям, цяжка нават зразумець тую рэчаіснасць, але памяць пра яе трэба захоўваць, каб тое не паўтаралася.
Фота аўтаркі